Ксёндз з Навагрудка Дзмітры Малец прызваны на тэрміновую службу ў войска. Да сканчэння прызыўнога ўзросту яму заставаўся ўсяго месяц. Гэта першы вядомы выпадак прызыву святара.

UPD. Ксяндза Дзмітрыя ўсё ж не забяруць у войска, паведаміў пробашч парафіі ксёндз Юрый Жэгарын. На відэа, якое ён апублікаваў раней, бачна, што ў лідскі ваенкамат Дзмітрый Малец прыйшоў у сутане. Адтуль яго скіравалі ў Гродна. Паводле звестак Katolik.life, святара паклалі ў шпіталь для медыцынскага назірання.

Дзмітрый Малец — вікарый парафіі святога Міхала Арханёла ў Навагрудку. 22 траўня, а 18:00 у касцёле пройдзе развітальная імша, паведаміў ксендз Юры Жыгарын у суполцы «Каталікі Беларусі».

Дзмітры Малец нарадзіўся ў Лідзе, скончыў Вышэйшуюй духоўную семінарыю ў Гродне, святарскае пасвячэнне прыняў у 2020 годзе. 18 чэрвеня яму споўніцца 27 гадоў - сканчэнне прызыўнога ўзросту. Акрамя служэння ў Навагрудку ксяндз Дзмітры таксама абслугоўвае вернікаў з вескі Любча. Ва ўмовах недахопу святароў прызыў вікарыя ў войска стане праблемай для парафіі, падкрэслівае Katolik.life.

Ксяндза прызвалі ў транспартныя войскі. Імаверна, гэта звязана з тым, што вайскоўцы там найчасцей выконваюць дарожныя работы, і браць у рукі зброю не абавязкова.

Пра тое, што праваслаўных святароў зараз будуць прызываць у войска, паведаміў канал «Хрысціянская візія» са спасылкай на ліст, разасланы ў епархіі БПЦ. У ім у сваю чаргу спасылаюцца на ліст упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандра Румака ад 18.05.2023 г. і рашэнне Лукашэнкі аб прызыве ў войска святароў і выпускнікоў семінарый 2023 года. Праходзіць тэрміновую службу яны будуць у транспартных войсках, бо святарам нельга браць у рукі зброю. Мітрапаліт Веніямін распарадзіўся ў кожнай епархіі прадугледзець замену для святароў, якія падлягаюць прызыву.

Раней праваслаўным і каталіцкім святарам у Беларусі давалі адтэрміноўку, і на практыцы служыць у войска яны не ішлі.

Чытайце таксама: