Калекцыя старых фота Гродна Руслана Кулевіча

Новы галоўны алтар Брыгіцкага касцёла ўрачыста адкрылі пасля рэканструкцыі 23 жніўня. Яго на працягу года аднаўлялі па старых фатаграфіях. Гэта дакладная копія алтара, які быў усталяваны ў храме ў 17 стагоддзі.

«Алтар рабілі кожны дзень акрамя нядзель і святаў», — распавёў ксёндз Антоній Грэмза. Па яго словах, асаблівасцю алтара з’яўляюцца калоны, якія нагадваюць часткі калон у базыліцы святога Пятра ў Рыме. Кожная калона складаецца з 6 частак, якія важаць 500 кг.

У Брыгіцкім касцёле ў Гродне адкрылі адноўлены алтар 17 стагоддзя
У Брыгіцкім касцёле ў Гродне адкрылі адноўлены алтар 17 стагоддзя
У Брыгіцкім касцёле ў Гродне адкрылі адноўлены алтар 17 стагоддзя
У Брыгіцкім касцёле ў Гродне адкрылі адноўлены алтар 17 стагоддзя

На медыйнай прэзентацыі перад адкрыццём алтара выступаў майстар па яго аднаўленні Вітольд Габінскі. Ён падкрэсліў, што галоўнае адрозненне сённяшняга алтара ад гістарычнага ў тым, што «новы ўжо ніхто не вынесе». Бо ў савецкія часы, калі касцёл быў зачынены, арыгінальны разьбяны алтар разабралі. Некаторыя яго часткі сёння захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Алтар завершаны яшчэ не цалкам. Знізу не хапае статуй святых Аўгустына, Уладзіслава, Казіміра і Войцеха, зверху — статуй святога Міхаіла Арханёла і анёлаў. Яны з’явяцца пазней.

Пасля імшы ўсе жадаючыя маглі застацца на канцэрт моладзевай групы OPEN і ўбачыць музейную экспазіцыю ў сутарэннях касцёла.