Новы галоўны алтар Брыгіцкага касцёла ўрачыста адкрылі пасля рэканструкцыі 23 жніўня. Яго на працягу года аднаўлялі па старых фатаграфіях. Гэта дакладная копія алтара, які быў усталяваны ў храме ў 17 стагоддзі.

“Алтар рабілі кожны дзень акрамя нядзель і святаў”, – распавёў ксёндз Антоній Грэмза. Па яго словах, асаблівасцю алтара з’яўляюцца калоны, якія нагадваюць часткі калон у базыліцы святога Пятра ў Рыме. Кожная калона складаецца з 6 частак, якія важаць 500 кг.

У Брыгіцкім касцёле ў Гродне адкрылі адноўлены алтар 17 стагоддзя
У Брыгіцкім касцёле ў Гродне адкрылі адноўлены алтар 17 стагоддзя
У Брыгіцкім касцёле ў Гродне адкрылі адноўлены алтар 17 стагоддзя
У Брыгіцкім касцёле ў Гродне адкрылі адноўлены алтар 17 стагоддзя

На медыйнай прэзентацыі перад адкрыццём алтара выступаў майстар па яго аднаўленні Вітольд Габінскі. Ён падкрэсліў, што галоўнае адрозненне сённяшняга алтара ад гістарычнага ў тым, што “новы ўжо ніхто не вынесе”. Бо ў савецкія часы, калі касцёл быў зачынены, арыгінальны разьбяны алтар разабралі. Некаторыя яго часткі сёння захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Алтар завершаны яшчэ не цалкам. Знізу не хапае статуй святых Аўгустына, Уладзіслава, Казіміра і Войцеха, зверху – статуй святога Міхаіла Арханёла і анёлаў. Яны з’явяцца пазней.

Пасля імшы ўсе жадаючыя маглі застацца на канцэрт моладзевай групы OPEN і ўбачыць музейную экспазіцыю ў сутарэннях касцёла.