Святлана Ціханоўская, кандыдатка ў прэзідэнты, выступіла са сваёй першай прамовай на дзяржаўным канале «Беларусь 1». Яна трымалася ўпэўнена, адзначыла, што асноўны пункт яе праграмы — новыя сумленныя выбары. У выпадку свайго абрання, Святлана паабяцала цягам паўгода зрабіць усё неабходнае, каб іх правесці. Таксама яна пералічыла падзеі апошніх месяцаў, якія не асвятляліся па тэлебачанні.

Святлана заклікала стаць незалежнымі назіральнікамі і прыйсці на выбары менавіта 9 жніўня, прагаласаваць за яе.

«Неабходна сабраць рэкордную колькасць назіральнікаў і зафіксаваць рэальны вынік», — сказала Ціханоўская і пералічыла незалежныя ініцыятывы, створаныя для гэтага. — Чым больш яўка, тым больш відавочнай будзе фальсіфікацыя. Калі мы застанемся дома 9 жніўня, гэта будзе перамога дзеючай улады.

Святлана расказала аб праекце «Краіна для жыцця» яе мужа, блогера Сяргея Ціханоўскага, адмове ў яго рэгістрацыі кандыдатам, чэргах на пікетах, правакацыях і яго зняволенні.

— Я прыняла рашэнне працягнуць справу майго мужа і зарэгістравацца кандыдатам у прэзідэнты замест яго. Улады не зарэгістравалі іншых моцных кандыдатаў, але зарэгістравалі мяне. Чаму? Бо яны бачаць у гэтых мужчынах пагрозу, — сказала Тихановская.

— Але пагроза для ўлады — гэта не кандыдаты, гэта народ, якому надакучыла жыць у прыніжэнні і несвабодзе.

Святлана адзначыла, што прыйшла ў палітыку не дзеля ўлады, а дзеля справядлівасці, і галоўны пункт яе праграмы — арганізаваць выбары з удзелам усіх альтэрнатыўных кандыдатаў, каб краіна магла развівацца далей.

«Выбары 9 жніўня не будуць свабоднымі і сумленнымі. Ні аднаго з моцных кандыдатаў не зарэгістравалі». Ціханоўская паабяцала прыняць меры для захавання стабільнасці ў краіне і правесці новыя выбары пасля сваёй перамогі, зрабіўшы ўсё неабходнае для гэтага цягам паўгода.

«Вы толькі падумайце: упершыню за 20 гадоў у беларусаў столькі сіл, што мы можам перамагчы».

Святлана Ціханоўская распавяла, што ёй не падабаецца ў сучаснай Беларусі: эміграцыя, неабходнасць для моладзі з’язджаць у буйныя гарады з родных у пошуках працы, вёскі, якія прыходзяць у заняпад. «Нас палохаюць бізнесменамі, хоць самыя багатыя людзі - ва ўрадзе»

— Я люблю свайго мужа, таму я працягнула яго справу. Я люблю сваіх дзяцей, таму я хачу, каб яны раслі ў краіне, дзе людзям не затыкаюць раты. Так, спачатку мне было страшна. Я ведаю, да якога дна можа дайсці ўлада, спрабуючы ратаваць сваё крэсла. Але цяпер я не баюся: я адчуваю вашу падтрымку. Гэта мой абавязак — быць на гэтым месцы, — сказала Святлана.

«Але гэта праўда»

Кандыдатка ў эфіры пералічыла ўсе падзеі, якія адбыліся ў Беларусі за апошнія месяцы, але не былі паказаны па тэлебачанні.

— Па тэлевізары вам не пакажуць, што ў дзеючага прэзідэнта вельмі нізкі рэйтынг, што яго падтрымлівае зусім мала людзей, але гэта праўда. Па тэлевізары вам не пакажуць, што ўжо некалькі месяцаў па ўсёй краіне выстройваюцца кіламетровыя чэргі з беларусаў, якія патрабуюць, каб Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку і іншых палітвязняў выпусцілі з турмаў, але гэта праўда.

— Па тэлевізары вам не пакажуць, што людзі, якіх хапае АМАП, проста мірна шпацыравалі на вуліцы і не рабілі нічога дрэннага, але гэта праўда. Па тэлевізары вам не пакажуць, што абсалютная большасць супраць цяперашняй улады і хоча новага прэзідэнта, але гэта праўда.

— Па тэлевізары вам не пакажуць, што беларусы моляць настаўнікаў і ўсіх, каго прымушаюць падрабляць падлік галасоў, не згаджацца на гэта злачынства — але гэта праўда. Па тэлевізары вам не пакажуць, у якой галечы жыве большая частка насельніцтва і як багата жывуць чыноўнікі, але гэта праўда.

— Па тэлевізары вам не пакажуць, што ад каранавіруса памерла значна больш чалавек, чым кажа Міністэрства аховы здароўя, але гэта праўда. Па тэлевізары вам не пакажуць, што ўрад хаміць вам і абзывае вас, але гэта праўда.

— Па тэлевізары вам не пакажуць, што палітвязні сядзяць за кратамі з-за сваіх перакананняў, а не таму, што здзейснілі злачынства, але гэта праўда. Па тэлевізары вам не пакажуць, што лекарам не хапала масак і на іх збіралі грошы простыя беларусы, але гэта праўда.

— Па тэлевізары вам не пакажуць, што альтэрнатыўных кандыдатаў пасадзілі ў турмы, таму што за іх было большасць, але гэта праўда.

— Па тэлевізары вам не пакажуць, што вашых любімых вядоўцаў звольнілі за тое, што яны асмеліліся выказацца супраць прэзідэнта: Меліта Станюта, Дзмітрый Урангель, Антон Мартыненка, Дзядзя Ваня, Маргарыта Ляўчук і іншыя былі звольненыя, бо нязгодныя з цяперашняй уладай, і гэта праўда.

Цяпер тэлевізар у гэтай краіне належыць толькі аднаму чалавеку, таму ўсе, хто глядзіць тэлевізар, ніколі не даведаюцца праўду.

Чытайце таксама:
«Заклікаем людзей абараняць галасы любымі спосабамі». Аб’яднаны штаб — пра вулічныя акцыі, праграму і жаночую салідарнасць

Кого вы увидите в бюллетене 9 августа. Галерея кандидатов от Hrodna.Life