У аб’яднаным штабе Ціханоўскай, Бабарыка і Цапкала заклікаюць людзей абараняць галасы спосабамі, якія абярэ для сябе кожны беларус. Калі чалавек вырашыць, што вулічныя акцыі - гэта адзіны спосаб, «то гэта яго рашэнне», заявілі ў штабе падчас першай прэс-канферэнцыі. Праграму і далейшыя дзеянні 17 ліпеня пакуль не абмяркоўвалі.

Тры штаба аб’ядналіся 16 ліпеня. Марыя Калеснікава са штаба Бабарыка запрасіла Святлану і Вераніку для абмеркавання далейшых дзеянняў. Спачатку яны раіліся ўдзельнікамі ўсіх штабоў, а потым вырашылі пагаварыць ўтрох. І за 15 хвілін яны прынялі рашэнне аб далейшых дзеяннях і напісалі пяць прынцыпаў аб’яднанага штаба. «У нас адна мэта — мы хочам змены ўлады 9 жніўня і каб народ прачнуўся», — паведамілі ў штабе.

Пяць прынцыпаў

  • заклікаць выбаршчыкаў прыйсці на выбары 9 жніўня 2020 года і галасаваць,
  • вызваліць палітвязняў, эканамічных зняволеных, даць права на перагляд спраў у незалежных і сумленных судах,
  • ініцыяваць правядзенне паўторных, сумленных выбараў пасля 9 жніўня 2020 года,
  • інфармаваць выбаршчыкаў аб неабходнасці абараняць свой голас рознымі спосабамі,
  • заклікаць удзельнічаць у ініцыятывах за сумленныя выбары.

 — Хачу звярнуць увагу на тыя падзеі, якія прайшлі ў апошнія пару дзён. Наша бягучае кіраўніцтва краіны бессаромным чынам зняло трох самых моцных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Гэта Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, Валерый Цапкала. Пасля гэтых падзей мы вырашылі аб’яднацца і паказаць, што такое жаночая салідарнасць. Мы бачым, што зараз наша ўлада баіцца жанчыну — Святлану. < … > Мы ўсе хочам паказаць, што Канстытуцыя напісана пад жанчын. Мы верым, што стаім нароўні з мужчынамі і пераможам, — сказала Вераніка Цапкала.

"Заклікаем людзей абараняць галасы любымі спосабамі". Аб'яднаны штаб - пра вулічныя акцыі, праграму і жаночую салідарнасць

У аб’яднаным штабе гарызантальная іерархія, у кожнага свае зоны адказнасці. Галасаваць Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава заклікаюць за Святлану Ціханоўскую.

У штабах Бабарыка і Цапкала аспрэчаць нерэгістрацыю

Пры гэтым у штабах Цапкала і Бабарыка не спыняюць спробаў рэгістрацыі сваіх кандыдатаў. Пакуль звароты па справе Бабарыка ў ЦВК і Вярхоўны суд не прынеслі вынікаў, паведаміла Марыя Калеснікава. Аб’яднанне было адным з планаў штаба Бабарыка на выпадак, калі іх кандыдата і іншых альтэрнатыўных кандыдатаў не зарэгіструюць.

«Не идти на выборы — проголосовать за власть». Виктор Бабарико собрал на встрече 250 гродненцев

Валерый Цапкала пакуль застаецца прэтэндэнтам у кандыдаты на пасаду прэзідэнта — амаль 50% подпісаў за яго прызналі несапраўднымі. Зараз чакаюць рашэння Вярхоўнага суда. У штабе не маюць ілюзій, што яго зарэгіструюць кандыдатам. У выпадку рэгістрацыі штаб Цапкала таксама будзе падтрымліваць штаб Ціханоўскай, таму што ў іх агульныя мэты, паведаміла Вераніка Цапкала.

Гродненцы пишут заявления о признании их подписей за претендентов. Штаб Цепкало: «Подадим жалобу в суд«

У Вярхоўны суд штабы звяртаюцца, каб была пляцоўка для звароту ў міжнародныя суды. А таксама, каб назваць «імёны ўсіх людзей, якія ўдзельнічаюць у фальсіфікацыі».

Праграму зробяць агульнай для трох штабоў

Праграму ў штабе пакуль не прадставілі. Яна будзе агульнай для трох штабоў - патрэбен час для кансалідацыі і ўнясення змяненняў у праграму.

Агітацыя будзе праводзіцца шчыльна, паведамілі ў штабе. З’явяцца пікеты ў Мінску, абласных гарадах, магчыма, у раённых. У штабе будуць выкарыстоўваць усе законныя метады, каб агітаваць людзей.

"Заклікаем людзей абараняць галасы любымі спосабамі". Аб'яднаны штаб - пра вулічныя акцыі, праграму і жаночую салідарнасць

Спіс давераных асоб будзе абнаўляцца і ўключыць людзей для максімальнага пакрыцця рэгіёнаў. Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава могуць стаць даверанымі асобамі Ціханоўскай.

«Вельмі перажываю за мужа»

Аб’яднанне дапаможа прыцягнуць нашмат больш электарату, паведаміла Святлана Ціханоўская.

 — Але ад страху я пакуль не пазбавілася і вельмі перажываю за мужа — гэта ўносіць пастаянны стрэс у маё жыццё. Адчуваю радасць ад таго, што людзі зараз на ўздыме. Яны ўстаюць з канапы, як заклікаў мой муж, і пачынаюць нешта рабіць дзеля сваёй будучыні, — сказала Святлана Ціханоўская.

Кандыдатка адчувае падтрымку людзей. «Магчыма, калі б я была адна, сіл не хапала. Але цяпер я адчуваю падтрымку мілых дам і іх штабоў. Гэта надае сіл. Спадзяюся, я спраўлюся — таму што я жанчына слабая — і мы дойдзем да перамогі.

"Заклікаем людзей абараняць галасы любымі спосабамі". Аб'яднаны штаб - пра вулічныя акцыі, праграму і жаночую салідарнасць

«Гаворкі аб зняцці кандыдатур не было»

У аб’яднаным штабе адкрытыя для ўсіх кандыдатаў і партый, паведаміла Марыя Калеснікава. «На сённяшні дзень мы ведаем, што Андрэй Дзмітрыеў падтрымаў нашу ініцыятыву. Будзем рады ўсім, хто будзе нас падтрымліваць пры выкананні пяці асноўных прынцыпаў», — сказала яна. Пры гэтым гаворкі аб зняцці кандыдатур не было.

Змагацца з фальсіфікацыямі на выбарах будуць за кошт дастатковай колькасці назіральнікаў, заклікаў сябраў выбарчых камісій не фальсіфікаваць выбары і кансалідацыі грамадства.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life