Увесну 2020 года на актывіста Станіслава Цыбінскага, які дапамагае зняволеным, невядомыя напалі двойчы. Першы раз яго прасілі спыніць сваю дзейнасць, другі - зблыталі з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Актывіст вырашыў справу проста так не пакідаць: адправіў некалькі лістоў у РАУС і пракуратуру. У адным выпадку з нападнікам правялі «прафілактычную гутарку», у іншым — хуліганаў не знайшлі. Рэдакцыя Hrodna.Life вывучыла лісты з міліцыі.

Станіслаў Цыбінскі — актывіст, валанцёр праваабарончай арганізацыі «ТаймАкт», якая займаецца абаронай правоў зняволеных і супрацоўнікаў крымінальна-выканаўчай сістэмы.

Цыбінскі працуе афіцыянтам. Кіруе грамадска-інфармацыйнай пляцоўкай «Беларускі цэнтр падтрымкі». У 2017 годзе выйшаў на волю пасля 15 гадоў зняволення за забойства. З тых часоў дапамагае іншым асуджаным: купляе прадукты, знаходзіць жыллё і дапамагае знайсці працу.

31 траўня 2020 года на Станіслава напалі двое мужчын, калі ён выйшаў у краму за прадуктамі. Яго называлі «Сяргеем Ціханоўскім» і казалі, што ён дыскрэдытуе ўладу. Вонкава Сяргей і Станіслаў не падобныя — блогер вышэйшы і буйнейшы. Актывіста пераследавалі да інтэрната на вул. Камарова, дзе ён жыве. Затым адзін мужчына чакаў ля будынка, калі ён выйдзе, і нанёс некалькі ўдараў. Станіслаў забег у інтэрнат, калі адтуль выходзіў іншы жыхар.

Цыбінскі ў той жа дзень напісаў заяву ў міліцыю. У адказе на заяву 10 чэрвеня міліцыянты паведамілі, што справу спынілі, таму што актывіст адмовіўся праходзіць медагляд. Раней справу завялі па ч. 1 арт. 9.1 КоАП (Наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання і іншыя гвалтоўныя дзеянні). Цяпер нападніка, калі знойдуць, пакараюць па арт 17.1 КоАП (Дробнае хуліганства). У прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама Hrodna.Life адмовіліся патлумачыць, чаму справу перакваліфікуюць.

«Праведзена прафілактычная гутарка». Актывіст дамагаецца пакарання нападнікаў ад міліцыі

«Ты плохо кончишь». В Гродно дважды напали на активиста, который помогает заключенным

«Супрацьпраўных дзеянняў не адбывалася»

Яшчэ адзін напад адбыўся ў красавіку 2020 года. 4 красавіка пяцёра мужчын чакалі Цыбінскага ля ўваходу ў інтэрнат. Яны былі ў цывільнай вопратцы, на выгляд, са слоў актывіста, — ад 30 да 45 гадоў. Невядомыя запатрабавалі ў Станіслава перастаць дапамагаць былым зняволеным. Мужчыны паспрабавалі зацягнуць Станіслава ў мікрааўтобус маркі BMW, але заўважылі відэакамеру ля ўваходу ў інтэрнат, перадумалі і з’ехалі, распавядае Станіслаў.

Актывіст некалькі разоў пісаў паўторныя заявы ў міліцыю і пракуратуру, але атрымаў адказы, як пад капірку: «супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да яго не здзяйснялася, з кіроўцам буса правялі прафілактычную гутарку». Копія адказу ёсць у рэдакцыі Hrodna.life.

«Праведзена прафілактычная гутарка». Актывіст дамагаецца пакарання нападнікаў ад міліцыі

Прафілактычная гутарка — гэта вуснае растлумачэнне грамадзяніну грамадскай небяспекі падрыхтоўкі і здзяйснення правапарушэнняў, прававых наступстваў, якія надыходзяць у выніку здзяйснення правапарушэнняў, а таксама перакананне грамадзяніна ў недапушчальнасці іх здзяйсненні, паведамляе kodeksy-by.com. Аб правядзенні прафілактычнай гутаркі складаецца пратакол.

Правакацыя

Актывіст лічыць, што напад звязаны з яго дзейнасцю і дапамогай зняволеным. Паводле яго версіі, маладыя людзі хацелі зладзіць бойку, з-за якой Цыбінскаму працягнулі б прэвентыўны нагляд, які з яго знялі 27 чэрвеня.

На 16 ліпеня нападаў на актывіста больш не было.

В тюрьму за $ 100: как вернуть деньги владельцу и попасть в СИЗО

«Буду абскарджваць, таму што гэта няправільна»

Актывіст будзе зноў скардзіцца ў РАУС і пракуратуру. «Буду абскарджваць (адказы з праваахоўных органаў - Hrodna.life) адназначна, таму што гэта няправільна. Як міліцыя не можа выявіць маладых хлопцаў, калі ёсць відэа, дзе выразна бачныя асобы? Другое — чалавек ідзе ў краму, крадзе нешта невялікае і яго знаходзяць на працягу гадзіны, а тут не змаглі знайсці? Я лічу, што гэта была правакацыя», — паведаміў Цыбінскі Hrodna.life.

Спыняць дапамогу зняволеным Станіслаў не плануе. «Я ўвогуле ніколі нічога не баяўся. І ўжо тым больш не буду баяцца, калі будуць паўторныя напады», — сказаў ён Hrodna.life.