Аўдыёпраект «Читаем со вкусом» падрыхтавалі ў Спецыяльнай бібліятэцы для інвалідаў па зроку. Гродзенцы могуць паслухаць урыўкі з мастацкіх твораў з апісаннем момантаў, звязаных з ежай, на сайце centrbibl.grodno.by. Тут жа — рэцэпты прыгатавання страў і напояў, якія згадваюцца ў творы.
Ідэя праекта прыйшла да Раісы Ланеўскай, бібліятэкара спецыяльнай бібліятэцы для інвалідаў па зроку, калі яна чытала кнігу Эміля Заля «Чэрава Парыжа». «У яго апісаны парыжскі рынак з такім смакам, што адчуваеш пахі сыроў, калі чытаеш», — кажа бібліятэкар. Яе натхніла яшчэ адна кніга — «Мемуары гейшы» Артура Голдэна. Раіса прызнаецца, што адчувала пах рыбы, пакуль чытала апісанні горада. «Уменне аўтара апісаць смак уражвае і запамінаецца», — кажа яна.
Аказалася, шмат знакамітых пісьменнікаў апісвалі ежу, застоллі вельмі «смачна» і прыгожа. Да гэтых апісанняў вырашылі дадаць рэцэпты стравы — такой жа або падобнай. Так і атрымаўся праект.
Агучыла ўрыўкі Зінаіда Крылова, аглядальнік літаратурных твораў і загадчыца аддзела радыёвяшчання на «Радыё Гродна». «Гэта проста фантастыка, падвойнае задавальненне», — ацэньвае працу журналісткі Раіса.
Кнігі для невідушчых цяпер больш чым даступныя, распавядае Раіса Ланеўская. Многія з іх карыстаюцца кампутарамі, тэлефонамі. Так што праект будзе цікавы ўсім, не толькі людзям з інваліднасцю.
Зараз на старонцы праекта 160 праглядаў. Кожны тыдзень абяцаюць прапаноўваць новы твор і новую страву. Наступныя кнігі пакуль трымаюць у сакрэце.