Гродзенскія медыкі абураныя нявыплатай надбавак за працу з інфекцыямі. 21 траўня супрацоўнікі «хуткай» адправілі ў Міністэрства аховы здароўя калектыўны зварот. Ліст падпісалі каля 200 работнікаў Гродзенскай абласной станцыі хуткай медыцынскай дапамогі.

На ўмовах ананімнасці адзін з супрацоўнікаў «хуткай» у Гродне распавёў Hrodna.life, што не ўсе медыцынскія работнікі атрымалі надбаўкі паводле ўказу № 131 (за працу ва ўмовах, звязаных з інфекцыямі. — рэд.).

«Мы за сумленнае размеркаванне абяцаных выплат. Падштурхнула на зварот тое, што некалькі работнікаў атрымалі выплаты, але нават і не тыя, пра што казаў прэзідэнт. А працуюць з Covid усе, вадзіцелі ў тым ліку».

Медык кажа, што дайшло да таго, што ў калектывах супрацоўнікі пачынаюць сварыцца з-за выплат і з-за таго, хто будзе вазіць людзей з каранавірусам, за што прадугледжаны надбаўкі.

«Я іх разумею — усе хочуць зарабіць»

Кіраўніцтва хуткай дапамогі і абласнога прафсаюза 22 траўня правялі гутарку з супрацоўнікамі ў актавай зале БХМД. Галоўны ўрач абласной станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Аляксандр Байгін распавёў Hrodna.life, як налічваюцца выплаты.

«Мы выплачваем ўсё, што павінныя тым, хто працуе з каранавірусам. Усе згодна з указам прэзідэнта. Але ёсць супрацоўнікі, якія жадаюць, не працуючы з інфекцыямі, атрымліваць надбаўкі. Я іх разумею — усе хочуць зарабіць, але на такое парушэнне пайсці не магу. Вось з-за гэтага і атрымліваецца разлад. Што тычыцца выездаў, то на іх адпраўляюць профільныя брыгады — тых, хто вольны, а не нейкія выбарачныя».

Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 18 лістапада ў Беларусі пацверджана 118 008 выпадкаў каранавіруса (1309 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 98 318 пацыентаў, памёрлі 1067 чалавек (7 за апошнія суткі).

Хроніка каранавіруса ў Гродне

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.