Кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый Гродзенскай вобласці прапанавалі адправіць супрацоўнікаў у прафсаюзныя санаторыі. Жадаючых чакае зніжка 75%. Выконваць даручэнне павінны кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёну, паведамляецца ў лісце за подпісам намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктара Пранюка. Дакументам з рэдакцыяй Hrodna.life падзяліўся чытач.

Што ў лісце?

У аблвыканкаме кіраўнікам арганізацый даручылі сумесна з раённымі аб’яднаннямі прафсаюзаў накіраваць супрацоўнікаў у санаторыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ). Мэта — аздаравіць супрацоўнікаў, у тым ліку тых, хто перанес COVID-19.

Пуцёўку зрабяць таннейшай на 75%: 25% - за кошт сродкаў наймальніка, 25% - за кошт ФПБ, і 25% - за кошт выплат, прадугледжаных калектыўнымі дамовамі, і матэрыяльнай дапамогі з Фонду дапамогі прафсаюзных арганізацыяй.

Крыніца: так спрабуюць вырашыць праблему з запаўняльнасцю

— У прафсаюзных санаторыях кепска з запаўняльнасцю. Таму спрабуюць такім чынам вырашыць праблему. <…> Быццам спрабуюць «зацікавіць» людзей паехаць у санаторыі, а выдаткі павесіць на наймальніка. Зараз ужо на ўзроўні аблвыканкамаў. Але людзі баяцца наведваць санаторыі праз каранавірус, — растлумачыў чытач Hrodna.life, які падзяліўся дакументам. Ён сцвярджае, што такі дакумент аблвыканкам рассылае ўпершыню.

У красавіку 2020 года адной з кропак распаўсюду каранавіруса сталі менавіта санаторыі. Напрыклад, пенсіянер з Гродна Іван Аўтка заразіўся каранавірусам у санаторыі ў Белавежскай пушчы. Першыя выпадкі заражэння ў Гродзенскай вобласці таксама былі звязаны з санаторыямі. На Onliner.by выйшаў артыкул пра маладую маці, якая памерла ад каранавіруса ў 30 гадоў, незадоўга да гэтага адпачыўшы з дзецьмі ў санаторыі.

Пэўную колькасць месцаў у санаторыях ФПБ даводзіць да сваіх структур па абласцях і раёнах, распавяла Hrodna.life крыніца. Ёсць нават графік заезду, які кантралююць. У графіку ўказаны даты заезду, назвы санаторыя і колькасць чалавек. Прафсаюзныя структуры павінны выконваць гэты графік.

«Вось і шукаюць „жадаючых“», — распавяла крыніца Hrodna.life у гарвыканкаме. Гродзенцам у асноўным прапаноўваюць наведаць бліжэйшыя санаторыі, у тым ліку «Нёман-72», але не толькі яго.

Прэс-служба Гродзенскага аблвыканкама прапанавала Hrodna.life напісаць зварот ад грамадзян з просьбай патлумачыць ліст і адмовіліся ад каментароў.

Гродзенцам прапануюць адпачыць у пустуючых санаторыях за кошт прадпрыемстваў і прафсаюзаў. Попыту няма праз каранавірус
У мэтах рэалізацыі мер па аздараўленні работнікаў арганізацый вобласці, у тым ліку тых, якія перанеслі хваробы, выкліканыя інфекцыяй СОVID-19, неабходна даручыць кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёну арганізаваць працу сумесна з раённымі аб’яднаннямі прафсаюзаў па аздараўленні работнікаў у санаторыях Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і патанненні кошту пуцёўкі да 75% (за кошт сродкаў наймальніка (25%), Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (25%). выплат, прадугледжаных калектыўнымі дамовамі, шляхам аказання матэрыяльнай дапамогі з Фонду дапамогі прафсаюзных арганізацый (25%), іншых крыніц).

У санаторыі - зніжкі

У сістэму Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ўваходзяць 13 санаторыяў. Адначасова сістэма санаторыяў УП «Белпрафсаюзкурорт» месціць парадку 5000 гасцей, паведамляе сайт прафсаюзаў. Трубку ў аддзеле маркетынгу «Белпрафсаюзкурорта» не знялі.

Датэлефанавацца ў санаторый «Нёман-72» Hrodna.life на працягу двух дзён не ўдалося — тэлефон у прыёмнай і па нумарах браніравання не знялі. Пры гэтым у санаторыі дзейнічае зніжка 25% на праграму «Аздараўленне лёгкіх» і пры браніраванні адпачынку на сайце, 20% - на «гарачую прапанову» і ранняе браніраванне.

Запаўняльнасць санаторыя — гэта камерцыйная таямніца, распавялі Hrodna.life у дзяржаўнай турыстычнай кампаніі «Цэнтркурорт». На прадпрыемстве не валодаюць дадзенымі аб запаўняльнасці санаторыяў. Начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні Hrodna.life не ўдалося застаць на месцы.

Некалькі месяцаў таму «Цэнтркурорт» часова прыпыніў працу філіяла ў Гродне. Паводле інфармацыі Hrodna.life, гэта звязана з фінансавымі стратамі з-за пандэміі каранавіруса ў 2020 годзе.