Рынак на вуліцы Кавалерыйскай у Беластоку адкрыўся 21 красавіка пасля некалькіх тыдняў перапынку. Прадпрымальнікам удвая знізілі арэнду. Цяпер яны спадзяюцца, што сюды вярнуцца і пакупнікі, перш за ўсё — беларусы.
У першы дзень працы гандляроў было зусім няшмат. Некаторыя, убачыўшы, што наведвальнікаў пакуль няма, зачыняліся і сыходзілі, піша poranny.pl.

На рынку цяпер строгія санітарныя нормы: кожны павінен быць у масцы, у кожнага прадпрымальніка — не больш за чатыры кліенты адначасова. Кропкі павінны быць забяспечаны пальчаткамі, апрацоўваць пункты гандлю дэзінфікуючым сродкам трэба раз у гадзіну.
— Я купіў пяць літраў антысептыку, маскі і сто пар пальчатак. Заплаціў 400 злотых, — кажа аб падрыхтоўцы да гандлю Мечыслаў Рыдзэвскі, які прадае на рынку вопратку. Ён разумее, што яго тавар ва ўмовах крызісу не будзе самым хадавым. А яшчэ ён чакае, што рынак усё-такі зробяць крытым, бо цяпер гандаль моцна залежыць ад надвор’я.
Залежыць ён і ад закрытых межаў. Ужо шмат гадоў асноўныя кліенты рынку — жыхары Беларусі. Пакуль яны не змогуць прыехаць па пакупкі, арэнда на рынку будзе зніжана ў два разы.

Рынак адкрылі па просьбах некаторых прадпрымальнікаў, распавёў падчас анлайн-канферэнцыі прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі.
— Частка прадпрымальнікаў хацела вярнуцца на працу, бо гэта іх адзіная крыніца даходу. Не ва ўсіх дзейнасць упіралася ў гасцей з-за ўсходняй мяжы, — патлумачыў прэзідэнт.
Кавалерыйскі рынак працуе штодня з 5.00 да 17.00.
