Доктарка аднаго зь віцебскіх шпіталяў расказала для «Радыё Свабода» пра сытуацыю ў горадзе ва ўмовах пандэміі каранавірусу. Віцебскі гарвыканкам зацьвердзіў надзвычайны плян дадатковых мерапрыемстваў па прафіляктыцы і зьніжэньні распаўсюду каранавірусу і іншых рэсьпіраторных інфэкцый.

Суразмоўніца «Свабоды» папрасіла захаваць ананімнасьць, але рэдакцыі вядомыя яе прозьвішча і месца працы.

«У нас усё пачалося з таго, што работнікі абутковых фабрык зьезьдзілі ў Мілян. Яны вярнуліся ўжо заражаныя каранавірусам. Ніякіх карантынных мерапрыемстваў не было зроблена, яны хадзілі на працу, у крамы, іх дзеці хадзілі ў школы. На жаль, у Віцебску ўсё гэта распаўсюдзілася шырэй, чым у іншых гарадах. Я Менск не лічу, бо там насельніцтва больш.

Чатыры шпіталі ў горадзе перапрафіляваныя пад прыём пнэўманій: тубэркулёзны дыспансэр, скурна-венэралягічны дыспансэр, 1-я гарадзкая бальніца і былая чыгуначная. Усе яны запоўненыя пацыентамі з пнэўманіяй.

Інфэкцыйны шпіталь працуе цяпер толькі для кантактаў першага ўзроўню. У ім проста ляжалі людзі, якія вытрымлівалі карантын, іншых пацыентаў не бяруць. Была праблема, што яны ня бралі кішэчную інфэкцыю — ані дарослых, ані дзяцей. І гэтая кішэчная інфэкцыя, замест таго каб ізалявацца ў адным шпіталі, распаўсюджвалася па розных: дзеткі паехалі ў дзіцячы шпіталь, а дарослыя — у былы чыгуначны.

У чыгуначным шпіталі быў пэрыяд, калі яны на тыдзень закрываліся праз карантын па кішэчнай палачцы, бо гэты шпіталь не прызначаны для кішэчных пацыентаў. Груба кажучы, там у канцы калідора адзін агульны туалет, што для кішэчных інфэкцый немагчыма. Адна санітарачка на ўсё аддзяленьне — яны проста не пасьпявалі ўсё апрацаваць, як бы ні стараліся.

Тубэркулёзны дыспансэр закрыты пад пнэўманіі, але там няма аддзяленьня рэанімацыі і апаратаў (штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. — РС), натуральна, няма.

Сродкі індывідуальнай абароны таксама недастатковыя. Тое, што прэзыдэнт кажа, што ў нас склады забітыя, то, можа, яны і забітыя, але ў шпіталях гэтага няма. Нашаму рэанімацыйнаму аддзяленьню выдалі на пачатку эпідэміі 500 масак і сказалі: мы вам больш не дамо. А ў нас дактароў 20 чалавек, а мэдсясьцёр у тры разы больш. І кажуць — круціцеся як хочаце.

Гэта маска, якую трэба мяняць праз 3 гадзіны, а мы носім яе тыдзень, бо хоць нешта тады ў нас ёсьць. Нам кажуць: калі вам не хапае вашых масак, шыйце сабе ватна-марлевыя павязкі і будзьце шчасьлівыя. Людзі проста стаміліся, і няма сіл ужо змагацца. На нас усім пляваць.

Скурна-вэнэралягічны дыспансэр закрылі пад пнэўманіі, але гэта страшна, бо там нават разводкі па кіслародзе няма. Калі ў тубэркулёзным яшчэ можна падаць пацыенту кісларод, то ў скурна-вэнэралягічным яны нават такую дапамогу ня могуць атрымаць. То бок калі ім стане горш, перавозіць іх будуць некуды. А транспартаваньне не дадае такім людзям здароўя.

Чытайце таксама: На Гродзеншчыне — новыя заражэнні каронавірусам. Абласны скурвендыспансер зачынілі на каранцін

Пнэўманій у Віцебску вельмі шмат. Як мінімум у 2−3 разы больш (чым звычайна. — РС). Я памятаю эпідэмію 2009 году, калі ў нас быў сьвіны грып, то такога не было, каб у нас 4 шпіталі былі закрытыя пад пнэўманіі. То бок кожная рэанімацыя неяк давала рады. Але каб цэлымі шпіталямі закрываліся, не было такога.

Ня хочацца быць Настрадамусам, але ў нас можа паўтарыцца італьянскі сцэнар, бо пацыентаў вязуць шмат і адначасова. І гэта людзі, якім ужо патрэбная дапамога — у іх аднабаковыя ці двухбаковыя пнэўманіі, ім трэба антыбіётыкі, прэвэнтыўная тэрапія, з чым нельга справіцца дома.

У чыгуначным шпіталі ў пятніцу было 5 пацьверджаных выпадкаў каранавірусу. Рэаніматолягі працуюць на знос. Раней аддзяленьне рэанімацыі займала 6 ложкаў, цяпер яно пашырылася на ўвесь паверх. Апэрацыйная закрытая — там ляжаць пацыенты, якія патрабуюць ШВЛ і кісларод. Усе плянавыя апэрацыі скасаваныя, пра гэта няма нават гаворкі.

У дзіцячым шпіталі чатыры аддзяленьні аддалі пад пнэўманію. Нельга сказаць, што дзеткі не хварэюць, але яны хварэюць нашмат лягчэй. У дзіцячым няма аніводнага дзіцяці на ШВЛ. Але яны хварэюць, яны носьбіты. І тое, што ў нас цяпер адкрытыя дзіцячыя садкі і школы — гэта катастрафічна.

Цяпер чыгуначны шпіталь не прымае пацыентаў, перапрафілююць і шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі. Ягоны тэрапэўтычны корпус будуць закрываць пад прыём пнэўманій. І адзіная лякарня, якая зможа экстрана аказваць дапамогу хірургічным, кардыё, — нэйрапацыентам, — гэта абласны шпіталь. А там паўтары тысячы ложкаў. Ня ведаю, як гэтыя бедныя дактары вытрымаюць.

Лічбы захворваньня як мінімум у два разы большыя, чым кажа Мінздароўя. Я дактароў разумею: у прыёмны пакой за суткі прыбывае каля 60 пацыентаў, там нават не пасьпяваюць браць мазок. Але ведаючы, як працуе нашая сыстэма, я ня ўпэўненая, што нехта штосьці робіць з мазкамі, якія мы бяром.

Чытайце таксама: Ужо 152. У Беларусі за тры дні выявілі 58 новых выпадкаў COVID-19

У нас вельмі любяць перапісваць гісторыі хваробы, і нас прымушаюць гэта рабіць. Мы добра ведаем, як зьнікаюць дадзеныя пра аналізы пацыентаў. Сапраўдных дадзеных у нас ніколі ня будзе.

З высокіх трыбун сёньня кажуць, што ў нас нічога няма і ўсё гэта псыхоз. На жаль, гэта не псыхоз. Сёньня складаецца вельмі непрыемная і непрыгожая сытуацыя.

Віцебская вобласьць адкрытая для ўсіх, апроч вайскоўцаў і міліцыянтаў. Супрацоўнікам МУС і вайскоўцам забаронена выяжджаць і заяжджаць у нашую вобласьць. А іншае насельніцтва, я так разумею, нікому не патрэбнае. Нібыта гэта карантыннае мерапрыемства, але мне ў гэта ня верыцца.

Мэдпэрсанал таксама хварэе. І катаральных шмат, і пнэўманіі ёсьць. Наша мэдсястра ляжыць з двухбаковай пнэўманіяй. У яе мазок (на каранавірус. — РС) ніхто ня браў. Яшчэ ў адным шпіталі хварэе рэаніматоляг і мэдсястра, напэўна, заразіліся ад сваіх жа пацыентаў. Мы проста скардзіцца ня звыклыя. Але ўсе звыклыя, што кроў з носа, але выходзь на зьмену. Шмат у каго ёсьць гэтыя клясычныя сымптомы, але мы проста выходзім на працу, бо нас ня так ужо і шмат. Возьмем тыя ж распараджэньні мясцовага аддзелу аховы здароўя, што кожны мэдработнік мусіць перад прыходам на працу мераць тэмпэратуру і запісваць у нейкія лісты. Мы яе ня мераем, проста пішам 36,6 і праходзім далей, бо ведаем, што ў паловы будзе падвышаная тэмпэратура. Мы працягваем працаваць, бо куды нам падзецца.

Цяпер трэба праінфармаваць насельніцтва пра тое, як правільна мыць рукі, карыстацца дазатарамі з дэзсродкамі. Пра тое, што ня трэба хадзіць па гандлёвых цэнтрах і выбіраць сабе новую пару калготак ці бусікі. А калі трэба хлеб — схадзілі па хлеб і селі дома. А ў нашым разуменьні сядзець дома — гэта аддаць дзяцей бабулям і дзядулям, сабрацца 20 чалавек і паехаць на шашлыкі. Гэтага рабіць цяпер нельга.

Трэба падаваць дадзеныя пра колькасьць хворых. А ня так, як у нас: невядома, што яны пішуць. Мы, дактары, самі не разумеем, што яны маюць на ўвазе. Трэба даваць статыстыку, як ва ўсім сьвеце.

Я думаю, што памерлыя пацыенты (ад каранавірусу. — РС) ёсьць, і гэта не заўжды старыя. У рэанімацыях людзі паміраюць ад пнэўманій, але нам ня кожны раз даюць ставіць дыягназ «пнэўманія» памерлым пацыентам. На адміністратыўным узроўні кажуць: «не, і ўсё, зашыфруйце неяк па-іншаму, абы не псаваць статыстыку».

Была б мэдработнікам аддача ад дзяржавы, мы б казалі праўду. Але дзяржаве на нас пляваць, то і нам больш-менш усё адно. Пакуль зь вялікай трыбуны нам будуць расказваць пра трактар, саўну і ўсё іншае, у нас у пляне карантынных мерапрыемстваў нічога добрага ня будзе. Бо ўвесьці карантын — гэта падпісаць загад. А ўсе нашыя кіраўнікі баяцца, бо ведаюць, што іх у любым выпадку пакараюць за гэта пасьля.