Міністэрства аховы здароўя Беларусі 30 сакавіка паведаміла ў сваім Telegram сьвежыя лічбы пра колькасьць выпадкаў COVID-19: 47 пацыенты «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 105 «знаходзяцца пад кантролем мэдыкаў і на лячэньні», піша Свабода.

Да таго Мінздароўя тры дні не паведамляла пра статыстку выпадкаў каранавірусу. Па стане на 27 сакавіка пацьвердзілі 94 выпадкі інфэкцыі новым каранавірусам: 32 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 62 «знаходзяцца пад мэдыцынскім кантролем і на лячэньні», два выпадкі пераправяраюць. Пасьля 27 сакавіка Мінздароўя не публікавала статыстыкі.

З таго часу стала вядома пра выпадкі COVID-19 у настаўніка гімназіі ў Менску, актора ў Віцебску і невядомага чалавека ў Іўі, а таксама пра падазрэньні ў дырэктара гаспадаркі і супрацоўнікаў райвыканкаму ў Лельчыцах.

На прэс-канфэрэнцыі 27 сакавіка Мінздароўя паведаміла, што сьвядома выбрала тактыку «нештодзённага інфармаваньня» пра COVID-19, бо, як сказала намесьніца міністра Алена Богдан, «нічога экстраардынарнага ў краіне не адбываецца». Як відаць са статыстыкі Сусьветнай арганізацыі здароўя, практычна ўсе іншыя краіны Эўропы даюць статыстыку штодзень.