На прарасійскіх інтэрнэт-рэсурсах з’явіўся зварот ад імя «грамадзян РБ і РФ, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь» на адрас прэзідэнта і прэм’ер-міністра Расіі, піша n*.by. У ім просяць прыняць меры па абароне межаў Саюзнай дзяржавы.
Прэзідэнта Беларусі абвінавачваюць у самаўхіленні «ад сваіх канстытуцыйных абавязкаў». Аўтары звароту заклікаюць кіраўніцтва Расіі «прыняць экстраныя меры для забеспячэння бяспекі Саюзнай дзяржавы, яе знешніх межаў, абароны здароўя насельніцтва і нераспаўсюджвання новай каранавіруснай інфекцыі на ўсёй тэрыторыі Саюзнай дзяржавы».
«Рэспубліка Беларусь (РБ) — член Саюзнай дзяржавы, застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўлады недаацэньваюць дадзеную пагрозу, — пішуць аўтары звароту. — Беларускае кіраўніцтва ігнаруе рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, не прадпрымае адэкватных мер па перакрыцці дзяржаўных межаў з мэтай недапушчэння пранікнення каранавіруснай інфекцыі з трэціх дзяржаў, падвяргаючы рызыцы жыццё і здароўе мільёнаў суайчыннікаў на тэрыторыі РБ і РФ».
У звароце сцвярджаецца, што прэзідэнт Беларусі «дэманструе ўсе прыкметы недзеяздольнасці».
«У сувязі з экстраардынарнай сітуацыяй, якая склалася ў Рэспубліцы Беларусь, пагрозай жыццю і здароўю нашых суайчыннікаў, у адпаведнасці з Канстытуцыяй РФ, Дагаворам аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, а таксама iншымi міжнароднымі абавязацельствамі, улічваючы, што Рэспубліка Беларусь у крытычны момант сваёй гісторыі засталася без адэкватнага і адказнага кіраўніцтва, просім расійскія ўлады прыняць экстраныя меры для забеспячэння бяспекі Саюзнай дзяржавы, яе знешніх межаў, абароны здароўя насельніцтва і нераспаўсюджвання новай каранавіруснай інфекцыі на ўсёй тэрыторыі Саюзнай дзяржавы», — гаворыцца ў звароце.
Чытайце таксама: Больш за 5 не збірацца: як каранавірус змяніў жыццё беларусаў у розных краінах
Мінулыя дні сетка прарасійскіх інтэрнэт-рэсурсаў, арыентаваных на Беларусь, распаўсюджвала фэйкавую інфармацыю пра тое, што ў Беларусі «сканчаюцца валютныя рэсурсы» і што «тысячы студэнтаў з заражаных ВНУ ўтрымліваюцца ў бальніцах і інтэрнатах, якія былі ператвораныя ў ізалятары».
Учора Еўрасаюз апублікаваў інфармацыю пра тое, што расійская прапаганда пачала распаўсюджваць разнапланавыя фэйкі, звязаныя з каранавірусам і скіраваныя на дэстабілізацыю сітуацыі ў розных краінах.