У аўторак 17 сакавіка на купал уязной вежы Старога замка паставілі шпіль. Ужо можна ўбачыць, як гэта выглядае цалкам.

Стварэнне купала ўязной вежы Старога замка — адна з тых тэм у рамках рэканструкцыі замка, якія больш за ўсё абмяркоўваліся ў 2019 годзе. Купал распрацоўвалі беларускія спецыялісты з улікам меркавання польскіх калег.

Спачатку меркавалася, што купал будзе круглым, бо такая форма бачная на гравюры Макоўскага 1600 г. Аднак гісторыкі раскрытыкавалі гэтае рашэнне — такія купалы ў нашым рэгіёне ніколі не выкарыстоўваліся. Таму купалу было вырашана надаць форму цыбуліны.

Дыяметр новага купала — каля 6 м, вышыня — 8 м. Сталёвы каркас з драўляным лачаннем абшыты спецыяльнай дахавай меддзю, пакрытай тонкім пластом волава. Будаўнікі абяцалі, што з часам дах пацямнее і будзе выглядаць так, як у даўніну.

Навошта там наогул купал?

Купал бачны на гравюры Томаша Макоўскага 1600 г. Але выява яго, як і ўсяго замка, вельмі схематычная. Да нашага часу арыгінальны купал не захаваўся. Магчыма, ён быў знішчаны падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1654−1667 гадоў, калі Гродна было моцна зруйнавана.

Цяперашнюю форму стварылі ў выніку абʼяднання варыянту навуковага кіраўніка Старога замка Уладзіміра Бачкова і польскага навукоўца з Вроцлава Зыгмунта Луневіча, які займаецца купаламі.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.