У Гродне майстры ўручную абшываюць дахавай меддзю купал вежы Старога замка, перадае БЕЛТА.

Працягваецца першая чарга рэканструкцыі Старога замка. Агульнабудаўнічыя работы ідуць на камяніцы, уязной вежы, іншых аб’ектах. Яшчэ адзін значны этап — абшыўка купала уязной вежы. Яго дыяметр складае каля 6 м, вышыня — 8 м. Каркас купала пасля своеасаблівай прымеркі на вежы спусцілі на зямлю. Вакол, каб на працу не ўплывала надвор’е, узвялі спецыяльны шацёр.

У Гродне майстры ўручную абшываюць купал Старога замка
У Гродне майстры ўручную абшываюць купал Старога замка

Майстар па даху Святаслаў Бурмейстар тлумачыць, што практычна ўсе работы выконваюцца ўручную. Так калісьці будавалі і нашы продкі, хоць цяпер выкарыстоўваюцца сучасныя падыходы і матэрыялы. Драўляны каркас купала абшываецца дахавай мембранай, затым грані пазначаюцца вяровачнай сеткай, сам ліст медзі замацоўваецца на патрэбным месцы толькі пасля дбайнай прымеркі.

У Гродне майстры ўручную абшываюць купал Старога замка
У Гродне майстры ўручную абшываюць купал Старога замка

Складанасць працы і ў тым, што выконваецца яна па тэхналогіі падвойнага вертыкальнага і падвойнага гарызантальнага фальца. «Швы ў гэтым выпадку літаральна герметычныя. Гаворачы простымі словамі, калі купал перавярнуць і напоўніць вадой, як келіх, то працякаць ён не будзе. Тэхналогія складаная, але і надзейнасць высокая», — кажа Святаслаў Бурмейстар.

Святослав Бурмейстер
Святаслаў Бурмейстар

Выкарыстоўваецца ў працы спецыяльная дахавая медзь, пакрытая тонкім пластом волава. З часам дах пацямнее і будзе выглядаць так, як у даўніну. На кожную з васьмі граняў сыходзіць да 40 лістоў медзі. Зараз гатоўнасць купала каля 30%. Работы па абшыўцы яго, а таксама пяціметровага шпіля плануецца завяршыць да вясны. Тады ж купал канчаткова ўсталююць на вежу.

У Гродне майстры ўручную абшываюць купал Старога замка
У Гродне майстры ўручную абшываюць купал Старога замка

Ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама распавялі, што агульнабудаўнічыя работы першай чаргі рэканструкцыі плануецца завяршыць да лета 2020 года.

Адначасова вядзецца праца па распрацоўцы інтэр'ераў, у тым ліку капліцы, каралеўскай лазні, алебастравай залы і пакояў чыноўніка. Прадугледжаны розныя віды работ — жывапіс, элементы з дрэва, жалеза і іншых матэрыялаў. «Белрэстаўрацыя», у прыватнасці, прыступіла да вырабу вітражоў. Адначасова спецыялістамі Гродзенскага абласнога гісторыка-археалагічнага музея распрацоўваецца канцэпцыя экспазіцый у гэтых памяшканнях.

Таксама вядуцца падрыхтоўчыя працы другой чаргі. Зроблены неабходныя абмеры будынка. Ад сцен палаца на новае месца захоўвання перамешчаныя рэшткі верхняй царквы, запланаваны маштабныя археалагічныя даследаванні.

У Гродне майстры ўручную абшываюць купал Старога замка

У Гродне майстры ўручную абшываюць купал Старога замка
У Гродне майстры ўручную абшываюць купал Старога замка

Рэканструкцыя аднаго з найстарэйшых замкаў Беларусі пачалася ў 2017 годзе і вядзецца па праекце Уладзіміра Бачкова. У Гродне плануюць узнавіць замак XVI стагоддзя такім, якім ён быў у часы Стэфана Баторыя.