65 гадоў таму Гродна страціў Фару Вітаўта. Аднак яшчэ за паўтара стагоддзя да зносу храма была знішчана значная частка яго мастацкай спадчыны — 12 барочных алтароў. Як яны выглядалі, хто фінансаваў іх стварэнне і чаму ўласны алтар у касцёле мелі нават гарадскія ўбогія? Адказы на гэтыя пытанні гісторык Мечыслаў Супрон знайшоў у архіўных дакументах.
У канцы XVIII стагоддзя інтэр’ер гродзенскага фарнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, вядомы як Фара Вітаўта, упрыгожвалі 12 барочных алтароў. Кожны меў уласнае прысвячэнне, абразы і скульптуры, а таксама сваіх апекуноў — ад гарадскога магістрата і рэлігійных брацтваў да рамесніцкіх цэхаў і асобных прафесійных супольнасцей. Усё гэтае барочнае ўбранне было страчана пасля перадачы касцёла праваслаўнай царкве ў 1804 годзе.
Канец каталіцкай гісторыі Фары Вітаўта
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі перадалі праваслаўнай царкве 29 студзеня 1804 года згодна з дэкрэтам расійскага імператара Аляксандра I. З гэтага часу і да 1919 года ён функцыянаваў як Сафійскі сабор.
Пераўтварэнне каталіцкага храма ў праваслаўны патрабавала не толькі змены літургічнага парадку, але перабудовы інтэр’ера. Цягам трох гадоў ішло прыстасаванне будынка да новых патрэбаў. Калі знешні выгляд храма застаўся амаль нязменным, то яго ўнутранае аздабленне зазнала радыкальныя змены. Было ліквідавана тое, што нагадвала пра папярэднюю каталіцкую гісторыю святыні.
Сярод найбольш значных страт апынуліся 12 барочных алтароў, створаных пераважна ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. На шчасце, іх выгляд і прысвячэнні не зніклі бясследна: звесткі пра іх захаваліся ў дакументах візітацый касцёла. Асабліва каштоўнае апісанне змяшчае візітацыя 1793 года. Дзякуючы ёй сёння можна ў пэўнай ступені аднавіць выгляд інтэр’ера Фары напярэдадні перадачы праваслаўнай царкве.
Галоўны алтар Фары Вітаўта, які дапамагаў аднаўляць кароль Аўгуст III
Паводле візітацыі 1744 года, новы галоўны алтар пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі быў зроблены ў 1743 годзе з ініцыятывы пробашча Юзафа Станецкага. Падчас пажару 1753 года ён быў пашкоджаны, але дзякуючы фундацыі караля Аўгуста III адноўлены. 18 красавіка 1758 года алтар разам з касцёлам асвяціў біскуп Аляксандр Гараін.
Паводле апісання 1793 года, гэта быў вялікі двух’ярусны алтар сталярнай і разьбяной работы, пафарбаваны ў белы колер з пазалотай. Да яго вялі тры прыступкі, а па баках знаходзіліся разьбяныя балясы.

У цэнтры ніжняга яруса размяшчаўся абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, акружаны скульптурамі святых Станіслава, Францішка Сальскага, Войцеха і Мікалая. У верхнім ярусе знаходзіліся сцэны з жыцця Марыі, выявы Бога Айца, Сына Божага і Духа Святога, а таксама вензель караля Аўгуста III.
Бакавыя алтары Фары Вітаўта
Бакавыя алтары былі прысвечаны Хрысту, Маці Божай і розным святым. Іх утрыманнем займаліся гарадскія ўлады, брацтвы і рамесніцкія цэхі.
Магістрат і рэлігійныя брацтвы
Другі алтар — Найсвяцейшай Тройцы
З левага боку ад галоўнага алтара знаходзіўся двух’ярусны алтар, якім апекаваліся Брацтва Святой Тройцы і гродзенскі магістрат. Алтар быў пафарбаваны пад мармур, меў пасярэбраныя калоны і мураваны стол. Сярод выяў згадваюцца Найсвяцейшая Тройца, Уваскрослы Хрыстос і Маці Божая ў сярэбранай сукенцы.
Трэці алтар — Маці Божай Суцяшэння
Знаходзіўся з правага боку, алтар Кравецкага брацтва з абразамі Маці Божай Суцяшэння і святога Станіслава, які ўваскрашае Пятровіна. Двух’ярусная канструкцыя была пафарбавана пад мармур, разьбяныя рамы — пасярэбраныя. Алтар меў драўляны стол і дзве прыступкі.
Чацвёрты алтар — святога Міхала Арханёла
Алтар, якім апекаваўся магістрат. Размяшчаўся з левага боку. Ён меў выявы святога Міхала і Анёла-Ахоўніка з душой, якая каецца. Двух’ярусную кампазіцыю ўпрыгожвалі пасярэбраныя плоскія і пазалочаныя круглыя калоны, а таксама пазалочаныя рамы. Алтарны стол быў драўляны.
Алтары рамесніцкіх цэхаў
Утрыманне алтароў было адной з форм удзелу рамесніцкіх цэхаў у рэлігійным жыцці горада. Некаторыя прафесійныя супольнасці мелі ўласныя алтары, прысвечаныя пэўным святым або евангельскім сюжэтам.
Пяты алтар — святога Пятра
Алтар Рыбацкага цэха, знаходзіўся з правага боку ад галоўнага. Яго галоўнай кампазіцыяй была сцэна, у якой Хрыстос перадае святому Пятру тыяру і ключы. Побач знаходзілася скульптура кленчачага апостала. Двух’ярусны алтар быў пафарбаваны пад мармур, калоны аздоблены маляваным золатам і срэбрам. Ніжнюю частку ўпрыгожвалі дробныя разьбяныя фігуркі. Алтар меў мураваны стол і тры прыступкі.
Шосты алтар — святых Стэфана і Мікалая
Знаходзіўся з левага боку, ім апекаваліся мулярскі, сталярны і цяслярскі цэхі. Ён меў абразы святога Стэфана мучаніка і святога Мікалая біскупа. Алтар быў сталярнай работы з разьбянымі статуямі, мураваным сталом і размаляваным дошкамі ніжнім аздабленнем.
Сёмы алтар — Уваскрослага Хрыста
Алтар кавальскага і слясарнага цэхаў, размяшчаўся з правага боку. На ім знаходзіліся выявы Уваскрослага Хрыста, Маці Божай і святога Міхала з шалямі. Канструкцыя была сталярнай і часткова разьбяной работы, пафарбаваная ў сіні і іншы колеры. Алтар меў мураваны стол, дзве прыступкі і размаляванае драўлянае аздабленне.
Восьмы і дзявяты алтары — святых апекуноў шаўцоў
Шаўцоўская супольнасць мела ў касцёле адразу два алтары: адзін знаходзіўся пад апекай таварышаў цэха, другі — самога шаўцоўскага цэха.
На восьмым алтары былі абразы святой Агаты і святога Казіміра. Ён стаяў каля сцяны, быў пафарбаваны ў чорны колер і меў пазалочаныя калоны, драўляны стол і дзве прыступкі.
Дзявяты алтар быў прысвечаны Маці Божай, у тым ліку Маці Божай Ружанцовай. Ён таксама быў чорнага колеру, але меў мураваны стол і ніжняе аздабленне з размаляваных дошак.
Дзясяты алтар — Укрыжаванага Хрыста
Алтар Мясніцкага цэха, знаходзіўся з правага боку ад галоўнага. На ім былі абразы ўкрыжаванага Хрыста і Маці Божай Балеснай. Сталярная канструкцыя была пафарбавана ў чорны колер, мела мураваны стол і дзве прыступкі. Ніжнюю частку ўпрыгожвалі выявы апосталаў Пятра і Паўла.
Адзінаццаты алтар — Хрыста, прывязанага да калоны
Гэты алтар, размешчаны з левага боку, утрымліваўся на сродкі ўбогіх. Ён быў прысвечаны аднаму з эпізодаў Мукі Хрыстовых — бічаванню Езуса, прывязанага да калоны. Алтар меў разьбяное аздабленне, мураваны стол, дзве прыступкі і вышытае ніжняе аздабленне.
Дванаццаты алтар — святога Яна Хрысціцеля
Апошні алтар, які раней знаходзіўся пад апекай музыкантаў, размяшчаўся з правага боку ад галоўнага. Ён быў сталярнай работы, пафарбаваны ў чорны колер, з дзвюма калонамі, аздобленымі маляваным срэбрам. Алтар меў мураваны стол і ніжняе аздабленне з дошчачак.
У 1805 г. у Гродна быў запрошаны мінскі майстар Казімір Анташэўскі, які заняўся выкананнем новага праваслаўнага іканастаса. Такім чынам, было незваротна знішчана барочнае ўбранне Фары Вітаўта, у тым ліку дванаццаць алтароў, якія на працягу XVIII стагоддзя фарміравалі мастацкі воблік храма. Сёння пра іх нагадваюць толькі нешматлікія архіўныя інвентары, якія дазваляюць часткова аднавіць выгляд страчанага інтэр’ера.
Калі хочаце даведацца, хто прыдумаў назву Фара Вітаўта, як храм быў звязаны са Стэфанам Баторыем і як яго знішчалі ў 1961 годзе — чытайце архіў матэрыялаў Hrodna.life.



