Больш за 100 гродзенцаў сабраліся 21 лютага ў Цэнтры гарадскога жыцця, каб адзначыць Дзень роднай мовы. Яны напісалі традыцыйную беларускую дыктоўку, паслухалі акустычны выступ Алеся Дзянісава і атрымалі прыемныя сувеніры.

Для дыктоўкі выбралі фрагмент аповесці «Данута» Аляксея Карпюка — акурат да 100-годдзя аўтара, якое будзе адзначацца сёлета. Чытачы адзначылі, што гэта даволі складаны тэкст — як для напісання, так і для ўспрымання. Прачытаў урывак музыкант Алесь Дзянісаў.

Важнай на свяце была музычная частка. Напачатку зайгралі гродзенскія літаратары, якія аб’ядналіся ў гурт NZ. Скончыўся вечар выступам Алеся Дзянісава, які сыграў уласныя песні, творы на вершы Алеся Чобата і Уладзіміра Караткевіча, якому сёлета споўнілася б 90 гадоў.

Дыктоўку арганізавалі мясцовыя філіі ТБМ, Саюзу беларускіх пісьменнікаў і Цэнтр гарадскога жыцця. Гэта 13-я па ліку дыктоўка, што ладзіцца недзяржаўнымі арганізацыямі ў Гродне.


Чытайце таксама:

22 лютага — канцэрт гурта «ВОЧЫ» да Дня роднай мовы

«Мова Нанова» запусціла платформу для вывучэння беларускай мовы

У Гродзенскім аблвыканкаме чыноўнікі пісалі беларускамоўную дыктоўку

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life