Артысты Instasamka і Moneyken не змогуць прыняць удзел у фестывалі Viva Braslav 2023 «па незалежных ад арганізатараў прычынах». Актывістка з Гродна Вольга Бондарава звярталася да ўладаў з просьбай скасаваць выступ.

«Для нас гэта такая ж нечаканая навіна, як і для вас. Мы разумеем, што многія чакалі выступу артыстаў і падзяляем вашы пачуцці разам з вамі. Мы ўжо працуем над зменамі ў праграме і будзем трымаць вас у курсе анонсу. Любім вас і чакаем на фестывалі, каб зрабіць разам гэтае лета самым непаўторным!" — напісалі арганізатары.

У каментарах некалькі самых папулярных рэакцый: «гэта чакана», «вярніце частку грошай за квіток», «і дзякуй богу».

Instasamka — 23-гадовая Дар’я Зацеева, расійская поп-спявачка і рэп-выканаўца, ціктокерка, інстаблогерка. Вядомая сваімі правакацыйнымі паводзінамі і кампазіцыямі «И чтоэ», «За деньги да». Moneyken — рэп-выканаўца і музычны прадзюсар Алег Яропкін, яе муж і саўнд-прадзюсар.

Хто адмяніў Instasamka?

Вольга Бондарава парадавалася адмене выступу і падзякавала «Вользе Мікалаеўне». Верагодна, маецца на ўвазе Вольга Чамаданава, начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама.

Раней яна абурылася афішамі. «Вось гэта вось збіраецца выступаць на фестывалі „Віва Браслаў“, паказваючы беларускай моладзі прыклад высокай культуры і цудоўнай маральнасці. Але добра, інстасамка. Бл@дзь — яна бл@дзь і ёсць, што з тупой скаціны ўзяць? < … > Як вам пасля гэтага спіцца?! — далучаюся да пытання. І заклікаю Міністэрства культуры прыцягнуць да адказнасці арганізатараў непатрэбшчыны», — напісала яна.

Што такое Viva Braslav

Viva Braslav — штогадовы музычны фестываль на беразе Браслаўскіх азёр, праводзіцца з 2013 года. Называе сябе галоўным музычным уікэндам краіны. У 2023 годзе пройдзе 28−30 ліпеня. Кошт білетаў - да 395 рублёў. Сярод выступоўцаў - «Отпетые Мошенники» і «Artik&Asti».

Чытайце таксама: «Варушняк жыве ў кожным з нас». Пад Смаргонню прайшоў першы музычны фестываль «ДВИЖ», хэдлайнеры мерапрыемства — Nuteki і ARSTON

Хто яшчэ не прыедзе на Viva Braslav?

UPD 7 чэрвеня. Дацкае выданне Ekstra Bladet паведаміла, што дыджэй Martin Jensen, які не раз станавіўся найлепшым дыджэем Даніі, а ў 2016 годзе трапіў у топ-100 DJ Mag, даведаўшыся, што ў ліпені ў яго запланаваны сэт на фестывалі Viva Braslav у Беларусі, адмовіўся ад удзелу, заўважыў Антон Матолька.

Са слоў журналістаў, калі яны спыталі яго пра ўдзел у фестывалі ў Беларусі, ён спачатку заявіў, што не ведае пра тое, дзе будзе выступаць бо, з ягоных слоў: «Паняцця не маю пра свой гастрольны каляндар». Таксама ён сказаў, што нічога не ведае ні толькі пра фэст, але і пра Лукашэнку.

Аднак на наступны дзень Jensen паведаміў журналістам, што звязаўся са сваім кіраўніцтвам і адмяніў выступ у Беларусі таму што, паводле яго слоў, гульня ў ваюючай краіне не адпавядае яго палітычным поглядам.

«Я не збіраюся граць там, таму што не падтрымліваю нічога палітычнага або звязанага з вайной. Музыка павінна быць музыкай. Я разумею, чаму не павінен там граць. Таму што, калі вы ўрываецца ў іншую краіну, я не павінен быць часткай гэтага. Таму браніраванне цяпер закрыта і спынена», — паведаміў Martin Jensen.

UPD 13 чэрвеня. Шведскі дыджэй і прадзюсар KAAZE таксама адмовіўся ад удзелу ў шоу. Гэта здарылася пасля таго, як прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Швецыі напісалі ў Twitter пра яго выступ і палітычную сітуацыю ў Беларусі.

«Шведскі DJ @iamKAAZE плануе выступіць у акупаванай Расіяй Беларусі. Рэжым у Беларусі суагрэсар у вайне супраць Украіны, тысячы палітвязняў знаходзяцца ў катавальных турмах, многія без сувязі са знешнім светам, і невядома ці жывыя яны, сярод іх шмат дзеяч мастацтва, напрыклад @by_kalesnikava, TOR BAND, Detroit Hills, BTTF, FaceOFF, Irdorath. Фестываль спансуе расейскі Альфа-Банк, які знаходзіцца пад санкцыямі ЕС», — напісалі ў твіце. Пасля гэтага дыджэй напісаў у каментарах, што адмяніў свой удзел.