Першы музычны фестываль «ДВИЖ» прайшоў у 33 кіламетрах ад Смаргоні на беразе Вішнеўскага возера ў аграгарадку Вішнева. Хэдлайнерамі сталі гурт Nuteki і DJ ARSTON. Карэспандэнтка Hrodna.life пабывала на фестывалі і пагутарыла з арганізатарамі.

«У нашым горадзе не хапае такога варушняку»

«Мне захацелася, каб у нашым раёне з’явілася пляцоўка, куды б людзі прыехалі, адпачылі і пакінулі ўсе праблемы за тэрыторыяй фестывалю. Тут ніякага зла, толькі дабро і пазітыў - гэта галоўнае», — кажа арганізатар фестывалю «ДВИЖ» Аляксандр Дунецкі.

Тры гады таму Аляксандр наведаў музычны фестываль Viva Braslav.

«Тады я адчуў атмасферу ў Браславе падчас мерапрыемства і зразумеў, што ў нашым горадзе не хапае такога варушняку.

Спачатку Аляксандр са сваёй камандай рабілі мерапрыемствы катэджнага фармату для сваіх сяброў і знаёмых. На іх прыходзіла прыкладна па 100 чалавек. «Мы прывозілі добрых дыджэяў і абсталяванне, набіраліся досведу. Паступова павялічвалася каманда, і мы ўсё такі наважыліся на вялікае мерапрыемства».

«Варушняк жыве ў кожным з нас». Пад Смаргонню прайшоў першы музычны фестываль "ДВИЖ", хэдлайнеры мерапрыемства - Nuteki і ARSTON
Арганізатары фестывалю: Арцём Кульчыцкі, Антон Варанішча, Аляксей Кароль, Мікалай Карака, Аляксандр Дунецкі. Фота: Таццяна Сідлярэвіч

Драйвовая музыка і «хлебныя» спонсары

«Бюджэт у нас не вельмі вялікі, таму мы шукалі тых артыстаў, якія рэальна могуць разгойдаць: нават калі некаторыя малавядомыя, затое яны сапраўды драйвовыя. Я думаю, што людзі, якія пачуюць артыстаў, дададуць іх песні ў свой плэйліст», — лічыць Аляксандр.

Спонсарам мерапрыемства стаў Смаргонскі камбінат хлебапрадуктаў. Ён пакрыў прыкладна 30% усіх выдаткаў на фестываль. «Калі б не яны, у нас бы не было нават стартавага капіталу для таго, каб пачаць».

«Варушняк жыве ў кожным з нас». Пад Смаргонню прайшоў першы музычны фестываль "ДВИЖ", хэдлайнеры мерапрыемства - Nuteki і ARSTON
Дыскатэка ноччу на фестывалі. Фота: Антон Варанішча

Сакрэт поспеху — трымацца ўбаку

Каб правесці фестываль на 1000 гасцей, спатрэбілася каманда ў пяць чалавек. Гэта адны з арганізатараў - Аляксандр Дунецкі і Мікалай Карака (яны адказваюць за ўсе ўзгадненні і паперы, фармаванне лайнапу), спецыяліст па SMM Аляксей Кароль, дызайнер Антон Варанішча, чалавек, які адказвае за спонсараў і бяспеку на мерапрыемстве Арцём Кульчыцкі.

— Чаму вырашылі правесці фестываль менавіта ў Вішневе?

— Калі праводзіць фестываль на дзяржаўных пляцоўках, то трэба праходзіць вельмі шмат узгадненняў. Гэтая база адпачынку прыватная, мы заключылі дамову, арандавалі, заплацілі фіксаваную суму і ўсё. Мы спадзяемся на тое, што пасля гэтага фестывалю нашы мясцовыя ўлады нас заўважаць і будуць у далейшым падтрымліваць, бо гэта проста неабходна і моладзі, і людзям.

 — Чаму назва «ДВИЖ» [бел. — «рух, варушняк"]?

 — Усё гранічна проста. Можна было прыдумаць назву мудрагелістую, доўгую, але хацелася так, каб яна была на слыху і вылятала на раз-два. Яна сімвалізуе сутнасць нашай каманды, мы самі рухавыя такія хлопцы, рух жыве ў кожным з нас.

 — Зараз шматлікія буйныя фестывалі адмяняюцца, як вам удалося яго правесці?

 — Мы проста трымаліся ўбаку. Мне сапраўды вельмі шкада астатнія буйныя фестывалі, таму што яны адмяняюцца.

«Назва фестывалю вельмі драйвовая, простая і хутка запамінаецца. Хлопцы стварылі крутую атмасферу, якая адпавядае руху», — лічыць удзельніца фестывалю Вольга Новік. — «Пляцоўка крутая, дазваляе размясціць шмат зон. Праўда далёка дабірацца ад горада, і месца для купання крыху не хапіла».

«Варушняк жыве ў кожным з нас». Пад Смаргонню прайшоў першы музычны фестываль "ДВИЖ", хэдлайнеры мерапрыемства - Nuteki і ARSTON
Візажыстка Вольга Кедроўскіх робіць часовае бліскучае тату для Вольгі Новік. Фота: Таццяна Сідлярэвіч

«Такога фестывалю не хапала ў Смаргоні. Ён такі сяброўскі, каб адпачыць з сябрамі, пагутарыць і патанцаваць пад добрую музыку. Музыкаў я да гэтага дня не ведала, а цяпер буду слухаць. Больш за ўсё спадабаліся група NUTEKI, „Брайтан-біч band“ і Martwin», — кажа Марына Смушко. Яна прыехала на фестываль са сваім мужам Пятром.

«Варушняк жыве ў кожным з нас». Пад Смаргонню прайшоў першы музычны фестываль "ДВИЖ", хэдлайнеры мерапрыемства - Nuteki і ARSTON
Марына і Пётр Смушко на беразе Вішнеўскага возера. Фота: Таццяна Сідлярэвіч

Радэа, дэгустацыя, атракцыёны і розыгрыш

Фестываль праходзіў на тэрыторыі базы адпачынку СЗОС «Станкабудаўнік». Перад уваходам знаходзілася паркоўка і кемпінг для тых, хто прыехаў здалёку, з намётамі. Усю астатнюю тэрыторыю падзялілі на розныя зоны: домік для арганізатараў і артыстаў, гарадок рамеснікаў, чыл-зона, фуд-корт, зона майстар-класаў, атракцыёны, фотазона і сцэна.

Усяго фестываль наведалі прыкладна 1000 чалавек: у асноўным людзі прыехалі са Смаргоні і навакольных вёсак, а таксама з Ашмянаў, Мінска, Гродна, Гомеля і Магілёва. Квіткі каштавалі 25 рублёў пры пакупцы загадзя, у дзень фэсту — 30 рублёў.

Варушняк пачаўся 17 ліпеня, а 15.00, першымі пачалі працаваць зона гандлю і фуд-зона: тут можна было купіць марозіва, бульбяныя чыпсы, папкорн, шашлык, гамбургеры, хот-догі, бліны, гарбату, каву, халодныя напоі. У зоне гандлю прадавалі свае вырабы рамеснікі, удзельнікі таксама маглі тут купіць майкі, значкі, магніты, ручкі і іншы мерч фестывалю, набыць дыскі артыстаў.

З 16:00 у дэгустацыйнай зоне шэф-кухар «Імперыі злакаў» праводзіў кулінарны майстар-клас.

Прыкладна праз гадзіну пачала працаваць зона атракцыёнаў: галоўнай забаўкай тут стаў бык «радэа». На ім трэба было ўтрымацца як мага даўжэй і не ўпасці.

Цягам фестывалю праводзіўся розыгрыш партатыўнай калонкі JBL за 700 рублёў. Каб яе выйграць, трэба было купіць якую-небудзь ежу ў спонсараў фестывалю «Імперыі злакаў», набыць нейкі мерч фестывалю і «пракаціцца» на быке «радэа». У 22.00 з дапамогай лёсавання вызначылі пераможцу.

У 21:00 праходзіў майстар-клас ад Вольгі Кедроўскіх з тэмай «Летні экспрэс-макіяж. 25 лайфхакаў».

«Варушняк жыве ў кожным з нас». Пад Смаргонню прайшоў першы музычны фестываль "ДВИЖ", хэдлайнеры мерапрыемства - Nuteki і ARSTON
Візажыстка Вольга Кедроўскіх на фестывалі. Фота: Таццяна Сідлярэвіч

Гэта не апошні фестываль, кажа Аляксандр Дунецкі.

«Мы хочам рухацца наперад і развівацца. У будучыні мы плануем прывозіць топавых і вядомых артыстаў. Вядома, усё будзе залежаць ад таго, як пройдзе гэты фестываль, бо сапраўды выдаткі вялікія. Фестываль праходзіць упершыню і пакуль наша мэта — заявіць пра сябе».

Хэдлайнеры фестывалю — гурт Nuteki

З 18:00 «ДВИЖ» ператварыўся ў музычны фестываль.

Спачатку выступаў MARTWIN — гэта беларускі выканаўца, які выступае ў стылі «поп».

Затым на сцэну выйшаў музычны гурт Bez. Not. У 2020 годзе іх песня «Сонца садзіцца» стала адным з саўндтрэкаў да расійскага серыялу «Адпачынак» на тэлеканале «ТНТ».

«Варушняк жыве ў кожным з нас». Пад Смаргонню прайшоў першы музычны фестываль "ДВИЖ", хэдлайнеры мерапрыемства - Nuteki і ARSTON

З 22.00 выступаў гурт NUTEKI. Хлопцы тройчы бралі ўдзел у адборачным туры конкурсу «Еўрабачанне», двойчы займалі другое месца.

«Прыемна, што ёсць энтузіясты, якія нягледзячы на няпросты час, ідуць да мэты і робяць такія фестывалі. Мы былі рады прыняць удзел, падтрымаць хлопцаў і выступіць на такім фестывалі праз цэлы год пандэміі. Гэта было і для нас крутым мерапрыемствам», — кажа саліст і заснавальнік гурта Nuteki Міхаіл Накарашвілі.

З паўночы да 5-й раніцы на фестывалі выступалі дыджэі: MIKIS, GOLDSCREAM, ARSTON, RIKZ, ALEXANDER SPARK. Хэдлайнерам быў dj ARSTON, артыст і прадзюсер з Беларусі, ён рэгулярна выпускаецца на самых уплывовых EDM-лэйблах свету: Revealed Recordings, Armada і іншых. Яго трэкі атрымліваюць падтрымку ад самых знакамітых дыджэяў і прадзюсараў свету, такіх як Armin Van Buuren, Martin даф, знайсці тэкст, Hardwell, Axwell & Ingrosso і іншыя.

Вядоўцам фэсту быў Дзмітры Нікалайзен.

Самы малады журналіст Hrodna.life. Скончыла школу сучаснай журналістыкі ў Гродне. Па адукацыі - эканаміст, але зразумела, што хоча займацца журналістыкай. Спецыялізуецца на тэкстах пра архітэктуру, падарожжы, пра людзей і для людзей.