Паліцыі польскага горада Торунь удалося вызначыць асобы нападнікаў на рускамоўную кампанію, піша «Радыё С**бода» са спасылкай на bydgoszcz.tvp.pl. Здарэнне адбылося 9 лютага. Сярод пабітых быў і грамадзянін Беларусі.
А 1.30 ночы група сяброў з Беларусі, Польшчы, Расеі і Украіны накіроўвалася ў Стары горад. Паміж сабой яны размаўлялі на рускай мове. На іх напалі некалькі чалавек і пачалі біць з крыкам «Польшча для палякаў!» і «Яб…ь украінцаў». У адной з ахвяраў пералом косці чэрапа. У грамадзяніна Беларусі, паляка нацыянальнасцю, сур’ёзных раненняў зафіксавана не было.
Паліцыя заявіла, што напад адбыўся паводле нацыянальнай прыкметы.
Першапачаткова паліцыя меркавала, што нападнікаў было сямёра. У інтэрнэце апублікавалі фотаздымкі меркаваных нападнікаў. Пазней выявілася, што дзве асобы на гэтых здымках — выпадковыя мінакі. Яны самі звярнуліся ў паліцыю.
Паводле паліцыі, нападнікаў было шасцёра. На мінулым тыдні быў затрыманы першы з іх. Гэта непаўналетні жыхар гораду. Матэрыялы яго справы будуць перададзеныя ў сямейны суд.
Паліцыі ўжо ўдалося вызначыць асобы яшчэ трох нападнікаў. Але знайсці іх пакуль не ўдалося. Паліцыя спрабуе высветліць месца іх знаходжання.