Горадзенскага бізнэсоўца Аляксандра Прасьняка забілі 15 студзеня каля ягонага дома. Суседзі ўзгадалі яго як неардынарнага чалавека, расказалі, што чулі ноччу, а таксама ўспомнілі пра ранейшы канфлікт Прасьняка з партнэрам па бізнэсе і суседам, піша С**бода.

Забойцу яшчэ не знайшлі

Як паведамляе Сьледчы камітэт, цела 55-гадовага мужчыны з агнястрэльным раненьнем знайшлі ноччу 15 студзеня ў Горадзенскім раёне. Сьледча-апэратыўная група агледзела месца здарэньня, адабрала прадметы і аб’екты, па якіх плянуюць прызначыць шэраг дасьледаваньняў. На месцы працуюць найбольш дасьведчаныя супрацоўнікі цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту. Вядзецца крымінальная справа. Міліцыя шукае забойцу.

Паводле жыхароў суседніх зь месцам забойства дамоў, забіты — вядомы ў Горадні прадпрымальнік Аляксандар Прасьняк. Ён быў адным з акцыянераў пальчаткавай фабрыкі «Акцэнт». Яго застрэлілі проста ў машыне, калі ён падʼехаў да свайго дому.

Аляксандар Прасьняк жыў у вёсцы Чэхаўшчына Горадзенскага раёну каля возера. Побач з домам увечары 15 студзеня працавалі сьледчыя, дзяжурылі супрацоўнікі ДАІ.

Дом бізнэсоўца ў вёсцы Чэхаўшчына Горадзенскана раёну
Дом бізнэсоўца ў вёсцы Чэхаўшчына Горадзенскана раёну

Стралялі з ружжа, відэакамэры зафіксавалі чалавека

Адна з суседак нябожчыка, якая пажадала застацца ананімнай, расказала, што каля 2 гадзіны ночы 15 студзеня яны пачулі шум. Калі выглянулі ў акно, убачылі каля дома Аляксандра некалькі дзясяткаў машын. Гэта працавалі розныя службы — ужо пасьля забойства.

Аляксандар жыў разам са сваёй сужыцелькай Сьвятланай. Пэўны час Сьвятлана працавала намесьніцай дырэктара пальчаткавай фабрыкі, у якой Прасьняк быў адным з акцыянераў, цяпер яна трэнэрка па тэнісе.

«Мы ўсе дзівіліся, яна такая прыемная жанчына, як яна зь ім жыве. Але ён быў уладарны, моцны мужчына, ён бы ёй, мабыць, ня даў [сысьці]», — кажа суседка пра Сьвятлану з Аляксандрам.

Другі з акцыянераў фабрыкі — Ігар Грышын — сусед Прасьняка праз плот.

Каля дому Прасьняка стаіць машына Сьледчага камітэту
Каля дому Прасьняка стаіць машына Сьледчага камітэту

Суразмоўніца ведае, што ў момант забойства Сьвятлана, а таксама сям’я Ігара былі дома і чулі стрэл. Відэакамэры на доме Ігара зафіксавалі, як машына BMW X6 Аляксандра пад’ехала да ягонага дому. Аляксандар адчыніў дзьверы, каб выходзіць. Тады ў яго стрэлілі. На відэазапісе відаць мужчына, які адразу пабег ад гэтага месца ўздоўж вясковай дарогі да шашы.

Ад аднаго з панятых суседка ведае, што ў машыне была тоўстая папка з судовымі позвамі, нібыта Прасьняк шмат судзіўся зь іншымі людзьмі. Стралялі з ружжа.

«Мог выйсьці да возера ў адных трусах»

«Ён заўсёды меў рэзананс, бо быў неардынарны. Зьдзіўляла, што чалавек не працаваў, у агульнапрынятым разуменьні, як з ранку выяжджаюць на працу. Ён мог у цёплы пэрыяд выйсьці да возера ў адных трусах, пакрычаць [ён практыкаваў усходнія практыкі], зрабіць зарадку, пасьпяваць, спакойна вярнуцца назад. Ён хадзіў у майтках, кшталту стрынгах. Але і да гэтага прызвычайваесься», — успамінае жанчына.

Жанчына мяркуе, што ў Аляксандра былі вольныя погляды. Па ейных словах, ён мог навязваць вучэньне Ошо, нібыта трэба любіць толькі сябе і клапаціцца пра сябе.

Аляксандар мог прыйсьці да суседзяў і прапанаваць пайсьці пабіцца.

Па словах суразмоўніцы, ён ня ўдзельнічаў у зборах на рамонт вясковай дарогі.

«Ён лічыў кожную капейку. Да яго нават ніколі ніхто не зьвяртаецца. Навошта? Бессэнсоўна», — кажа суседка.

«Чалавек ён быў нехарошы»

«Чалавек ён быў нехарошы. Шулерства ў яго ў крыві. У яго былі праблемы зь людзьмі, якіх ён „кідаў“ на грошы. І дамы ў людзей забіраў, і машыны. Надта шмат людзей ён пакрыўдзіў у гэтым сьвеце. Ён зь людзьмі размаўляў: „Я так хачу. Мне так зручна“», — працягвае суседка расказваць пра нябожчыка.

Па ейных словах, ён мог пазычаць людзям грошы пад працэнты. Калі чалавек ня мог вярнуць пазыку, то забіраў маёмасьць, машыны. Пра яго хадзілі чуткі, нібыта ён выкупіў каля дзясятка дамоў у Горадзенскім раёне, на Аўгустоўскім канале. У Чэхаўшчыне ён выкупіў адзін суседні дом. Каля дома ў яго часта стаяла па некалькі іншых машын.

«Ён мог набыць дом, выкапаць там сажалку. Да яго прыходзяць са штрафам, а ён перакідае віну на папярэдняга гаспадара. У яго шмат такіх выпадкаў было… Ён ня проста пазычаў грошы. Ён на гэтым зарабляў», — кажа аднавяскоўка.

Яна запэўнівае, што іхную сям’ю Прасьняк нічым не пакрыўдзіў.

Канфлікт суседзяў: у доме побач знайшлі ртуць

У вёсцы ведаюць пра асабісты канфлікт, які здарыўся паміж партнэрамі каля чатырох гадоў таму.

У сям'і Ігара пачалі адбывацца дзіўныя рэчы. Ягонай дачцэ тады было каля аднаго года. Яе пачало часта ванітаваць, былі кепскія аналізы крыві. Жонцы Ігара Ірыне часам станавілася блага, яна губляла прытомнасьць. Старэнькая бабуля, якая жыла ў сям'і Грышыных, у той пэрыяд казала, што бачыла ў доме мужчыну ў чорным адзеньні, у капюшоне, які па сілуэце моцна ёй нагадваў суседа Аляксандра Прасьняка. У вёсцы тады не прынята было зачыняць дзьверы і брамку.

Празь нейкі час у канапе, на якой ноччу спаў Ігар, а ўдзень — ягоная малая дачка, Ірына знайшла ампулы з ртуцьцю. Пазьней ртуць знаходзілі ў розных месцах па ўсім доме, і то памногу: у ваннай, падвале, лазьні. Пасьля гэтага сям’я Грышыных мусіла на нейкі час выехаць з дома.

Дом Аляксандра Прасьняка добра відаць з ганку дому ягонага партнэра Ігара Грышына
Дом Аляксандра Прасьняка добра відаць з ганку дому ягонага партнэра Ігара Грышына

Ігара Грышына суседка апісвае як вельмі вытрыманага, інтэлігентнага. Пасьля здарэньня вінаватых не знайшлі, але Ігар і Аляксандар перасталі камунікаваць. Ігар тады павесіў па пэрымэтры дома відэакамэры. Паміж дварамі раней была нават фортка, каб зручней хадзіць у госьці, але праз гэты канфлікт Грышыны праход прыбралі.

Сьвятлана, калі пераехала ў вёску, спачатку прыязна камунікавала з аднавяскоўцамі, але пасьля гэтага канфлікту закрылася, па словах суседкі.

Вялося сьледзтва, але нікога не знайшлі. На той момант, калі знайшлі ртуць, бабуля ўжо памерла.

«Вас сюды клікалі?»

На ўваходзе да дому Прасьняка мы сустрэліся з мужчынам і жанчынай сярэдніх гадоў. Яны прадставіліся знаёмымі нябожчыка, сказалі, што прыехалі выказаць спачуваньні блізкім. Пра прычыны забойства ім нічога не было вядома.

У доме нябожчыка на тэрасу выйшаў сын забітага Аляксандар. Са словамі «Вас сюды клікалі?» ён папрасіў выйсьці з дому.

Ігар Грышын быў дома, адчыніў, аднак размаўляць з журналістамі адмовіўся.

«Вы несвоечасова. Два дні допытаў. Даруйце», — патлумачыў мужчына і зачыніў дзьверы.

Чэхаўшчына
Чэхаўшчына