У кастрычніку 2019 Гродзенская абласная бібліятэка імя Яўхіма Карскага пачала вялікі пераезд з Новага замка на вуліцу Карбышава, у былы будынак Нацыянальнага банка. Афіцыйна бібліятэку ў новым памяшканні адкрылі 14 студзеня.

На адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі аблвыканкама, пісьменнікі і гараджане, якія аднымі з першых хацелі пабачыць новы будынак бібліятэкі.

Сёння ў бібліятэцы маецца звыш 600 тысяч асобнікаў кніг. У новым будынку бібліятэка заняла ўсе паверхі, яны адкрыты для чытачоў. Там месціцца аддзел абанемента, чытальныя залы, тэматычныя кніжныя секцыі, залы электронных рэсурсаў і робататэхнікі, таксама дзіцячы пакой. Усе яны размясціліся на 2000 квадратных метраў. У былых грашовых сховішчах размясціліўся аддзел рэдкіх выданняў.

Гродзенская абласная бібліятэка імя Яўхіма Карскага ў 2020 годзе рыхтуецца адзначыць 190-годдзе з дня заснавання. Плануецца, што ў пачатку мая ў новым будынку пройдуць святочныя мерапрыемствы.

Чым цікавы новы будынак бібліятэкі?

Будынак на Карбышава, 17 быў пабудавана ў 1931 годзе ў стылі канструктывізму адмыслова пад банк. У свой час тут размяшчаліся павятовы банк, абласная кантора Дзяржбанка, абласная кантора Сельгасбанка і Нацыянальны банк Беларусі.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life