У пятнічным выпуску «Клуба рэдактараў» абмяркоўвалі перапахаванне Кастуся Каліноўскага. Дырэктар Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант заявіў, што яго вобраз выкарыстоўваецца для расколу беларускага грамадства, паведамляе euroradio.fm.
«Ён [Каліноўскі] цяпер выкарыстоўваецца як інструмент расколу. Дзяржава прызнае заслугі Каліноўскага. Віцэ-прэм'ер паехаў на цырымонію. У нас вуліцы называюць яго прозвішчам. Але яго дэманстратыўна кладуць пад бел-чырвона-белы сцяг. Дэманстратыўна ставяць у супрацьвагу цяперашняй дзяржаве і цяперашняй Беларусі. Такім чынам расколваюць сітуацыю».
Падставай для такой заявы стала крытыка з боку незалежных журналістаў у адрас дзяржаўных СМІ. Журналісты тэлеканала «Беларусь 1» і дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА праігнаравалі ў сваіх рэпартажах з перапахавання Кастуся Каліноўскага беларусаў з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі. Аказалася, што на іх думку нацыянальнай сімволікі там не было.