Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага ў пачатку 2020 года адсвяткуе ўваходзіны пасля вялікага пераезду. Штодня ў перавозцы тысяч кніг, перыёдыкі, каталогаў і мэблі бібліятэкарам дапамагаюць неабыякавыя жыхары Гродна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Абласная бібліятэка, якая з 1991 года займала частку Новага замка ў Гродне, пасля навагодніх святаў прыме наведвальнікаў па іншым адрасе. У аператыўнае кіраванне бібліятэцы перададзена былы будынак галоўнага ўпраўлення Нацбанка па Гродзенскай вобласці на вул.Карбышева.
У грашовых сховішчах – кнігі
“Банк у нашым выпадку – адно з аптымальных месцаў. У Новым замку ўмовы для захоўвання кніг (а ў нас нямала рэдкіх і рарытэтных выданняў) былі не самымі лепшымі. Тут жа сховішчы, у тым ліку былыя грашовыя, дазваляюць падтрымліваць аптымальную тэмпературу і вільготнасць” , – распавяла дырэктар абласной навуковай бібліятэкі Лідзія Мальцава. У фондах бібліятэкі звыш 600 тыс. экзэмпляраў кніг, перыядычных выданняў, дакументаў, каля 400 тыс. зіх знаходзіліся ў галоўным корпусе бібліятэкі ў Новым замку.
Нацбанк пакідае будынак у цэнтры Гродна: чым ён каштоўны?

Акрамя гэтага, неабходна было перанесці мэблю, картатэкі, іншую маёмасць. Бібліятэкары папрасілі дапамогі ў гараджан.
“Рэакцыя парадавала – званкі паступалі ўвесь час. Адгукнуліся прадпрыемствы, арганізацыі горада, школы, універсітэты, БРСМ. Валанцёры працуюць штодня”, – распавядае Лідзія Мальцава.
Ужо перавезена каля 65% фондаў. Дарэчы, падыход да перамяшчэння выданняў адмысловы. Усе яны пакуюцца такім чынам, каб на новым месцы без блытаніны размясціць кнігі і часопісы на стэлажах паводле адмысловай сістэмы.


Пачнуць выдаваць на рукі перыёдыку
“Гродна – горад, які чытае. І кнігі, і паслугі бібліятэкі застаюцца запатрабаванымі. Таму мы проста не маем права спыняць працу ні на адзін дзень. На час пераезду ў Новым замку працягваюць працаваць аддзелы, якія абслугоўваюць чытачоў”, – адзначае Лідзія Мальцава. Яна анансуе і адно з новаўвядзенняў: пасля пераезду бібліятэкі чытачам на рукі будуць выдаваць і перыядычныя выданні. Раней азнаёміцца з імі можна было толькі на месцы.
Ёсць планы па пашырэнні комплексу паслуг, у тым ліку звязаных з сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. У новым будынку для гэтага ёсць усе магчымасці.
Чатырохпавярховы будынак быў узведзены ў 1930-х гадах. Практычна ўвесь час пабудова выкарыстоўвалася пад банкаўскія патрэбы. Зараз амаль усе паверхі будынка плошчай каля 5 тыс. кв.м зойме бібліятэка. Першыя два паверхі будуць даступныя для чытачоў. Умовы тут будуць камфортней, чым у замку, упэўненыя супрацоўнікі бібліятэкі.


