Пачаўся збор подпісаў за адмену вынікаў конкурсу па выбары турыстычнага брэнда Гродна. Петыцыя з’явілася на платформе change.org 25 кастрычніка. Стваральнікі патрабуюць адкрытага галасавання.
Аўтар петыцыі Мікіта Анціпін патрабуе прызнаць вынікі закрытага галасавання па выбары турыстычнага брэнда Гродна несапраўднымі і прапануе арганізаваць сумленнае народнае галасаванне сярод жыхароў горада.
Нагадаем, турыстычны брэнд Гродна выбралі 24 кастрычніка ў гарвыканкаме. Усяго з паўсотні прадстаўленых праектаў за два туры члены журы аддалі перавагу праекта брэсцкай студыі"GRAFIT".
Прыводзім тэкст петыцыі:
— Мы лічым, што падчас закрытага галасавання быў абраны бяздарны лагатып, які не перадае ні характар, ні душу Гродна. Лагатып «пераможцы» як быццам адкідвае наш горад на некалькі дзесяцігоддзяў таму. Мы, гродзенцы, не зможам ганарыцца падобным лагатыпам. Мы ўпэўненыя, што гэты лагатып не зможа прыцягнуць у наш горад турыстаў і, тым больш, — сфармаваць у іх вачах станоўчы вобраз Гродна.
Мы патрабуем:
— Падаць роўныя ўмовы ўсім удзельнікам фіналу. Кожны з удзельнікаў павінны прадставіць лагатып горада Гродна, унікальны слоган, філасофію брэнда і брэндбук; прадставіць варыянты прасоўвання лагатыпа і яго размяшчэння ў рамках міжнародных і турыстычных праектаў.
— Правесці адкрытае народнае галасаванне з дапамогай смс / анлайн / афлайн фарматаў.
Мы прапануем правесці адкрытае народнае галасаванне паэтапна:
— Першы этап: на працягу першага тыдня галасавання выбраць з усіх удзельнікаў 3 лепшыя работы, якія пройдуць у фінал.
— Другі этап: на працягу другога тыдня з першай тройкі фіналістаў выбраць лідара, таго, чыя праца будзе прадстаўляць наш родны горад.
Галасаванне павінна быць праведзена на незалежнай пляцоўцы, дзе будзе выключаная магчымасць нейкай накруткі галасоў, а гэта значыць, што кожны голас павінны быць прывязаны да нумара мабільнага тэлефона, а не да IP-адраса. Наш прыгожы Гродна заслугоўвае годнага лагатыпа!
І паплечнікам, і крытыкам!
Начальнік аддзела спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Яўген Ародзь на сваёй старонцы ў Facebook пакінуў наступны запіс:
Дарагія сябры, калегі і зацікаўленыя! Прашу вас азнаёміцца з матэрыялам майго калегі Жэні Лебедзя! Мабыць мая галава з тэлевізара недастаткова выразна патлумачыла грамадскасці аб працэсе выбару для нашага любімага Гродна свайго турыстычнага брэнда. Дык вось, Жэня вельмі даступнай мовай выпраўляе мае памылкі. У гэтым артыкуле ўсё раскладзена па паліцах — што? дзе? калі? і самае галоўнае — чаму? Дзякуй вам усім за неабыякавасць! І паплечнікам, і крытыкам!