Камісія пры гарвыканкаме падвяла вынікі конкурсу на найлепшы брэнд Гродна. Пераможцам абралі брэндынг-студыю GRAFIT з Брэста. Але іх варыянт лагатыпа яшчэ трэба будзе дапрацаваць, паведамляе «Гродна Плюс».

Слоган, які прапанавалі аўтары: «Гродна, я люблю цябе!»

Аўтары так апісалі сваю канцэпцыю:

«За аснову лагатыпа ўзяты герб Гродна, а менавіта — Алень Святога Губерта з залатым крыжам паміж рагамі. Ён з’яўляецца неад’емнай часткай гісторыі, і ў той жа час унікальным і непаўторным сімвалам.

Чатыры асноўныя колеры лагатыпа — гэта колеры, узятыя з герба Гродна, і колеры выклікаюць асацыяцыі з прасторным зялёным горадам. Алень на лагатыпе рухаецца наперад, не забываючы сваёй гісторыі і мінулага, на што паказвае паварот яго галавы".

Пры гэтым асноўная мова лагатыпа — руская, а беларуская пазначана як дадатковая. Паводле інфармацыі ад чальцоў камісіі, дапрацаваны фінальны варыянт, які будзе прэзентаваны 5 лістапада, будзе мець асноўную беларускамоўную версію.


«Сказалі змяніць толькі слоган». Берасцейцы распавялі, чаму іх праект брэнда Гродна перамог у конкурсе

Лідара пакуль няма: выбары турыстычнага брэнда Гродна зноў перанеслі

У Гродне абралі фіналістаў конкурсу на турыстычны брэнд горада