Фінал конкурсу па выбары турыстычнага брэнда Гродне прайшоў 23 кастрычніка ў Гродзенскім гарвыканкаме. З адзінаццаці праектаў члены журы павінны былі выбраць адзін, які будзе прадстаўляць горад. Але вызначыцца эксперты пакуль не могуць. Яны вырашылі правесці яшчэ адно галасаванне да 26 кастрычніка.

Начальнік аддзела спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Яўген Ародзь адзначыў, што сябрам журы не варта пры выбары брэнда акцэнтаваць увагу на напісанні назвы горада.

«У нас 11 фіналістаў. Усім ім дадзены былі ўмовы, якія павінны былі быць выкананы да фіналу. Па некаторых пытаннях былі дыскусіі: як мы бачым брэнд, як у далейшым яго выкарыстоўваць. Я б не хацеў акцэнтаваць увагу на спрэчным пытанні з напісаннем назвы горада. Да вызначэння пераможцы мы павінны падысці творча і прафесійна. Усе варыянты маюць права на жыццё», — сказаў Ародзь.


Grodno або Hrodna: як лепш папулярызаваць Гродна за межамі Беларусі?


За тыдзень да фіналу конкурсу ў інтэрнэце разгарнуліся бурныя абмеркаванні наконт напісання назвы горада для турыстаў - Grodno або Hrodna. Усім фіналістам далі больш за тыдзень на дапрацоўку сваіх праектаў, каб 23 кастрычніка прадставіць іх членам журы. Але ў гэты дзень выніковы праект так і не абралі. Да 26 кастрычніка ў гарвыканкаме павінна будзе прайсці яшчэ адна сустрэча працоўнай групы, на якой пройдзе выніковае галасаванне.

Усяго на конкурс турыстычнага брэнда было пададзена каля 50 праектаў. Афіцыйна абраны турыстычны брэнд Гродна плануецца прадставіць 26 кастрычніка. У гэты дзень Гродна будзе адзначаць трохгоддзе бязвізавага рэжыму.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life