Хутка ў Гродне выбяруць турыстычны лагатып і слоган для горада. Журы мае выбраць найлепшую з 11 прапановаў. Але яны адрозніваюцца напісаннем назвы горада лацінскімі літарамі: нехта прапанаваў варыянт Hrodna, нехта — Grodno. Hrodna.life вырашыў разабрацца, як правільней і лепш рэкламаваць для турыстаў беларускі Гродна.

Гродна — горад шматкультурны і важны для розных народаў. Таму і называюць нас па-рознаму: Gardinas, Grodno, Hrodna, Гродно. Ды і самі беларусы часам спрачаюцца, што лепш: Гродна, Горадня ці Гародня. Сёння, каб развіваць турыстычны брэнд горада, трэба абраць найбольш прыдатны варыянт, які б замацаваўся за Гродна за яго межамі.

Норма ёсць, але пра яе «забываюць»

У Беларусі ёсць прававая норма, якой не заўсёды карыстаюцца ў дзяржаве. У пачатку 2000-х быў прыняты нацыянальны дакумент — інструкцыя аб тым, як беларускія геаграфічныя назвы павінны перадавацца лацінскімі літарамі. Назвы трэба перадаваць з сучаснага беларускага напісання, а літара «Г» перадаецца як «H», таму і Гродна павінна пісацца як Hrodna. У 2012 годзе гэты дакумент быў дасланы на канферэнцыю ААН па стандартызацыі геаграфічных назваў - іншыя краіны пагадзіліся з такім напісаннем.

Беларусы самі вырашылі, каб іх краіну і геаграфічныя назвы ўспрымалі менавіта так, з транслітарацыяй толькі праз беларускае вымаўленне. Але на практыцы ўсё інакш. За мяжой Гродна сёння ўспрымаюць як Grodno, а не як Hrodna. Нават беларускі праект GrodnoVisaFree ўжо тры гады запрашае турыстаў з ясяго свету ў Grodno.

Таму і варыянты лога горада на конкурс дасылалі розныя: нехта Hrodna, а нехта Grodno.

«Беларуская назва лепш ідэнтыфікуе горад»

Мовазнаўца Вінцук Вячорка лічыць, што выбар назвы Гродна за яго межамі гэта недыскусійнае пытанне: назву горада трэба пісаць па-беларуску. А значыць выключна праз «H».

— Наогул не разумею, чаму такая дыскусія. Трэба пісаць па-беларуску і паводле міжнародна прызнанай транслітарацыі праз «H». Гэта зафіскавана ў афіцыйным урадавым стандарце — у адпаведным томе «Назвы населеных пунктаў…». Назва Grodno — не на ўсіх замежных мовах, напрыклад, па-літоўску не так; гістарычна таксама былі варыянты напісання на іншых мовах: i Grodna, i Garten. Зусім няясна, чаму выбіраецца менавіта польская мадэль (яна ж трансліт з расійскай, якая гістарычна была транслітам з польскай).

А калі пачнуць папулярызаваць Hrodna, турысты не заблытаюцца? Ці будзем мы пазнавальныя?

— Як на мяне, то лепш адразу вяртаць Горадню. Што да іншаземцаў, то беларуская назва лепш ідэнтыфікуе горад. Літоўцы папулярызуюць Vilnius i Trakai, што не перашкаджае палякам ведаць, куды яны едуць.

«Шмат шуму з-за гэтага турыстычнага брэнда»

Гід Андрэй Бурдзянкоў спецыялізуецца на працы з замежнымі турыстамі, якія прыязджаюць у Гродна і іншыя гарады Беларусі. Ён дапамагае ім шукаць тут карані. Андрэй лічыць, што калі Гродна за межамі будуць рэкламаваць як Hrodna, то гэта на папулярызацыю турыстычнага брэнда горада практычна ніяк не паўплывае.

— Прасоўваць трэба менавіта афіцыйнае напісанне Hrodna, хоць такая транскрыпцыя мне не падабаецца, але яна афіцыйна прынятая. Такая назва трошкі заблытае замежнікаў, але раз афіцыйна так, то дзявацца няма куды. Гэта нешта падобнае, калі вырашалі як у Мінску падпісваць станцыі метро да Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе. Калі беларуская «Г» афіцыйна пішацца як «H». Але тут дзявацца няма куды. Ну, а што тычыцца турыстаў, то ім важней інфраструктура, кошты і сэрвіс, а не спэллінг [напісанне — рэд.]. Па-мойму занадта шмат шуму з-за гэтага турыстычнага брэнда Гродна.

«Пакуль набярэмся смеласці, можа быць Grodna»

Аляксандр Мілінкевіч — палітык, намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама ў сярэдзіне 90-х гг. Ён выступае за варыянт Hrodna, але прапануе пакуль прасоўваць зусім нейтральны варыянт Grodna.

— Я яшчэ на пачатку 90-х ад імя гарвыканкаму я рэкамендаваў ДАІ пісаць на ўказальніках Hrodna, бо так адпаведна беларускай фанэтыцы, так еўрапейцы пісалі на мапах. GPS яшчэ не было. Міліцыянты згадзіліся з ‘'А' на прыканцы, але спалохаліся «Н» і замянілі яе на «G». І сёння гэты варыянт на лацінцы мне больш сімпатычны і лагічны. Лічу, што Grodno — гэта вынік беларускага комплекса непаўнавартасці. Grodno — гэта проста прыніжэнне нас, як беларусаў. Нават у мастака Адэльгаўзера 450 гадоў таму было «Grodnae». Таму мой адказ: Hrodna, ну можа, калі мы так баімся свайго, то пакуль набярэмся смеласці, можа быць Grodna.

А што вы думаеце, як лепш папулярызаваць Гродна за межамі Беларусі?

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life