На месцы сквера перад Домам быту літоўскі інвестар пабудуе адміністрацыйна-гандлёвы аб’ект, знешне падобны да знесенага комплексу з трох будынкаў, у тым ліку да Дома рыбака. Кампенсацыйныя пасадкі ён ужо пачаў рабіць за дамамі па вуліцы Савецкай.
— Праект праходзіў грамадскае абмеркаванне, падчас якога замоўцу былі выказаны думкі гродзенцаў аб захаванні сквера, на што ён паабяцаў кампенсацыйныя мерапрыемствы замест меркаваных да зносу дрэў, — цытуе grodnonews.by намесніцу начальніка ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама Вольгу Барэйка.
— Ён прыняў рашэнне высадзіць дрэвы ў добраўпарадкаваным скверыку каля дома № 6 па вуліцы Савецкай, у раёне помніка маршалу Савецкага Саюза Сакалоўскаму. І ўжо гэтай вясной там былі высаджаныя першыя дрэвы на сродкі забудоўніка, восенню азеляненне сквера працягнецца перасадкай высакарослых дрэў спецыяльнай тэхнікай «Гродназелянбуда». Акрамя таго, у гэтым скверыку будуць высаджаны экзатычныя расліны.
У канцы мінулага года эскізныя рашэнні «Будаўніцтва гандлёва-офіснага цэнтра ў раёне дома па вуліцы Замкавай, 12 у Гродна» ўхваліла і рэкамендавала для далейшага праектавання Міністэрства культуры.