На грамадскія абмеркаванні вынеслі праект новай пабудовы на «Гродна Азот». Прадпрыемства хоча пабудаваць станцыю ачысткі сцёкаў з выкіданнем іх у Нёман. Грамадскія абмеркаванні адбудуцца са жніўня па верасень 2023 года, паведамілі на сайце Гродзенскага гарвыканкама.

“Гродна Азот” хоча пабудаваць станцыю ачысткі сцёкаў, каб скідаць іх у Нёман
Адміністрацыйны будынак «Гродна Азот». Фота: Hrodna.life

Устаноўкі біялагічнай ачысткі сцёкаў і абязводжвання залішніх актыўных глеяў могуць пабудаваць на тэрыторыі «Гродна Азот». Пабудова будзе складацца з насосных станцый, прыёмных рэзервуараў і іншых неабходных збудаванняў. Таксама трэба будзе правесці два падземныя калектары працягласцю каля чатырох кіламетраў. Праз іх ачышчаную ваду будуць скідаць недалёка ад Усходняга моста, вышэй па плыні Нёмана.

Ёсць альтэрнатыўны варыянт. Паводле яго могуць рэканструяваць існуючыя ачыстныя збудаванні ў раёне вёскі Беражаны. Калі выбяруць гэты варыянт, то прыйдзецца вылучыць 15,9 га зямлі.

Грамадскія абмеркаванні праводзілі летась

Праграму правядзення ацэнкі ўплыву на навакольнае асяроддзе (АУНА) планавалі вынесці на грамадскія абмеркаванні ў лістападзе-снежні 2022 года. Рашэнне аб будаўніцтве планавалі прыняць у студзені 2023 года. Але, відаць, праект адклалі.