Абмежаванні на ўезд і на выезд з Польшчы часова ўводзяцца ў пункце пропуску Кузніца Беластоцкая з 22 ліпеня 2019. Рамонтныя дарожныя работы працягнуцца каля чатырох месяцаў, паведамляе прэс-служба Падляшскага аддзелу Польскай памежнай службы.

Спачатку, каля двух месяцаў, будзе часова закрыты ўчастак дарогі на выезд з Польшчы ў Беларусь. Пазней на такі ж час будзе часова закрыты ўчастак на ўезд у Польшчу з Беларусі. Гэта можа ўскладніць пераход мяжы на любым відзе транспарту і спрычыніцца да павялічэння часу чакання. На час рамонту варта памятаць пра гэтыя ўскладненні пры планаванні паездак.

Мадэрнізацыя пункту пропуску ў Кузніцы каштуе каля 18,5 млн злотых (4,3 млн еўра), працы маюць скончыцца да вясны 2020 года. Сённяшняй інфраструктуры з польскага боку ўжо 18 гадоў і яна не надта добра прыстасавана да інтэнсіўнага руху падарожных. У 2018 годзе праз мяжу ў Кузніцы, паводле падлікаў польскіх памежнікаў, прапусцілі 2,6 млн чалавек. Пасля заканчэння мадэрнізацыі Кузніца будзе ў стане прапускаць рух нават на 70% большы.