Мы ў Hrodna.life вырашылі зладзіць для нашых чытачак-раварыстак майстар-клас па дыягностыцы і бягучым рамонце ровараў. Эксперткі навучаць самастойна сачыць за ўласным роварам і рамантаваць яго, а таксама адкажуць на пытанні.
Часта дзяўчаты няўпэўнена адчуваюць сябе ў пытаннях рамонту ўласнага ровара. Ці правільна я змазваю ланцуг і як часта мушу? Прабіла шыну на лясной сцежцы, як быць? А што гэта кола памяняла форму і перадачы не пераключаюцца?
Пра базавую дыягностыку ровара, яго наладжванне і правільны штодзённы догляд нам раскажуць дзве дзяўчыны-эксперткі: Лена Майсюк і Юліта Дзем’яновіч. Лена — гродзенская велаактывістка, якая сама рамантуе свой ровар ужо чатыры гады. Юліта — інструктарка школы ВелаГродна для дарослых пачаткоўцаў.
Што браць?
- свой ровар;
- інструменты і сродкі догляду, якія маеце;
- рашучасць вучыцца карыснасцям і лайфхакам.
Майстар-клас адбудзецца 10 ліпеня (серада), а 18:00 ва ўнутраным дворыку на Кірава, 3, дзе месціцца рэдакцыя Hrodna.life. Удзел бясплатны, з папярэдняй рэгістрацыяй па спасылцы.