Савет Рэспублікі ўхваліў на пасяджэнні 28 чэрвеня законапраект аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі, піша belta.by. Міністр унутраных спраў Юрый Караеў паведаміў, што, паводле папярэдніх дадзеных, амністыя закране каля 6 тыс. чалавек, асуджаных за няцяжкія злачынствы. У тым ліку з месцаў пазбаўлення волі вызваляцца каля 2 тыс. чалавек.
Тэрмін выканання законапраекта павялічаны з 6 да 9 месяцаў. Прапануюць скараціць пакаранне на адзін год асобам, асуджаным па ч.1 арт.328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў), а таксама ч.ч.2 і 3 гэтага артыкула. Непаўнагадовым тэрмін пакарання скароцяць на два гады.
Каго адпусцяць
Як паведамлялася, традыцыйна прапануецца вызваліць асоб, якія адносяцца да так званай льготнай катэгорыі асуджаных, што здзейснілі няцяжкія злачынствы. Гэта непаўналетнія, жанчыны і мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, цяжарныя жанчыны, пенсіянеры, інваліды I і II груп, хворыя на анкалагiчныя захворваннi, на актыўную форму туберкулёзу 1,2,5 «А», 5 «Б» груп дыспансэрнага ўліку, ВІЧ-інфікаваныя з трэцяй і чацвёртай стадыямі.
Амністыя закране і ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС. Амністыя будзе прымяняцца толькі да асоб, якія станоўча характарызуюцца і цалкам пакрылі шкоду, прычыненую злачынствам.
Каго пакінуць
Прапануюць не распаўсюджваць амністыю на тых, хто раней ёю скарыстаўся, але зноў здзейсніў злачынства. Гэта ж адносіцца і да тых, хто парушае парадак адбыцця пакарання, асабліва небяспечным рэцыдывістам. Не будуць вызваляць тых, хто здзейсніў злачынствы супраць жыцця і здароўя чалавека, палавой недатыкальнасці, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, здзейсненыя арганізаванай групай, карупцыйныя злачынствы.