Суд Ленінскага раёна Гродна прысудзіў 50-гадоваму мінчуку восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за атрыманне хабару. Яму таксама прызначылі штраф у 600 базавых велічынь і пазбавілі вайсковага звання «маёр медыцынскай службы запасу». Паводле звестак дзяржаўнага абвінавачання, мужчына атрымаў грашыма, будматэрыяламі і аздобнымі работамі больш за 40 тысяч рублёў.

Хабар атрымліваў за садзейнічанне ў закупках для аховы здароўя

Мужчына ўзначальваў адно з падраздзяленняў мінскіх гарадскіх уладаў.

Як расказаў дзяржаўны абвінаваўца Аляксандр Забаўка, з лютага 2024 года па травень 2025 года мужчына некалькі разоў атрымліваў ад прадстаўніка кампаніі грошы і будматэрыялы. Таксама яму бясплатна рабілі аздабленне ў доме.

Узамен ён арганізоўваў і забяспечваў закупкі абсталявання ўстановамі аховы здароўя ў гэтай кампаніі і садзейнічаў выдзяленню бюджэтных грошай на гэтыя мэты, паведамляе ТРК «Гродна».

Мужчыну прызначылі пакаранне паводле часткі 3 артыкула 430 Крымінальнага кодэкса. Яму прысудзілі восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 600 базавых велічынь. А таксама пазбавілі звання маёра медыцынскай службы запасу і на пяць гадоў забаранілі займаць кіроўныя пасады.

Генпракуратура паведаміла амаль пра паўтары тысячы службовых злачынстваў

Генеральны пракурор Дзмітрый Гара паведаміў у парламенце, што за апошнія паўтара года ў Беларусі зарэгістравалі амаль 1,5 тысячы службовых злачынстваў.

Найбольшую долю склалі крадзяжы і хабарніцтва. Да адказнасці прыцягнулі больш за 1,2 тысячы чалавек, дзесяць з якіх займалі адказнае становішча.

Паводле слоў Гары, пракуратура надае асаблівую ўвагу лішнім пасрэднікам пры закупках. Так, пры пастаўках электраабсталявання выявілі схему хабару супрацоўнікам прадпрыемстваў прамысловасці, сельскай гаспадаркі, ЖКГ, транспарту і дарожнага будаўніцтва. Хабар даходзіў да 10% кошту абсталявання, самы буйны — да 190 тысяч рублёў. Усяго выявілі хабар на суму больш за 750 тысяч рублёў.

Праз парушэнні правілаў закупак пракуроры запатрабавалі адмяніць больш за 1,3 тысячы закупачных працэдур на агульную суму звыш 330 млн рублёў.