Гродзенскага сабаку, які ўзімку парваў хлопчыку твар, а ў чэрвені ўкусіў малую дзяўчынку, усыпілі. Сабака не хварэў на шаленства, гэта рашэнне гаспадара.

Сабаку трымалі на каранціне ў Гродзенскай гарадской ветэрынарнай станцыі 10 дзён пасля таго, як ён укусіў дзіця, піша s**boda.org.

Зоаабаронца Тацяна Красільнікава расказала, што рашэнне забіць сабаку было не прымусовым, а добраахвотным з боку гаспадара. Гадаванцу было каля 1 года.

Па словах Красільнікавай, якая каля 20 гадоў займаецца стафардшырскімі тэр’ерамі і пітбулямі, сабака быў не чыстым стафам, а мяшанцам, незвычайна для гэтай пароды высокага росту. Яна мела магчымасць назіраць за гэтым сабакам незадоўга да таго, як яго ўсыпілі. Па ўражаннях зоаабаронцы, гадаванец не быў агрэсіўным, хутчэй запужаным і нявыхаваным.

Экспэртка сцвярджае, што сабак, якія кепска сябе паводзяць і кідаюцца на дзяцей, можна перавыхаваць да двух гадоў. Дрэсіроўка можа заняць усяго месяц. Па ейных словах, паводзіны гадаванца залежаць не ад «небяспечнай» пароды, а ад стаўлення людзей. Яна прапаноўвала гаспадарам забраць сабе гэтага сабаку, аднак яны не пагадзіліся.

Закона, па якім можна было з забраць сабаку з сям'і, няма, бо гэта прыватная ўласнасць, тлумачыць Тацяна Красільнікава. Аднак такое рашэнне можа прыняць суд. Неўзабаве распачнецца разгляд справы па выпадку, калі гэты мяшанец стафа разарваў твар дзіцяці.


Хацелі разводзіць шчанюкоў. Кінолаг, РАУС і адвакат пра выпадак са стафам, які двойчы кусаў дзяцей


Вядома, што гэтыя ж гаспадары ўсыпілі свайго папярэдняга гадаванца з нараджэннем у сям'і дзіцяці.

На думку зоаабаронцы, такім людзям, якія не займаюцца дрэсіроўкай, трэба забараніць браць сабак або іншых жывёлаў на выхаванне. Да таго ж, яны несправядліва ствараюць негатыўны імідж іншым сабакам і іхнім гаспадарам.