Убачыць больш за 200 папугаяў, пакарміць іх і набыць сабе птушку можна ў «Папугайні», якая адкрылася ў гандлёва-забаўляльным комплексе Triniti.

У Гродне адкрылася новая “Папугайня”: гэтым разам у Triniti
Папугайня ў Гродне. Крыніца: grodno.popugainya.by

«Папугайня» размяшчаецца на другім паверсе, побач з крамай «Калінка» і кафэ Hotfix. Там жывуць больш за 200 папугаяў, якіх складана сустрэць у звычайнай заакраме альбо ў заапарку. Сетка «Папугайня» працуе ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі.

«Мы стварылі атмасферу, дзе ім будзе ўтульна і камфортна, і дзе кожны жадаючы зможа прыйсці і пазнаёміцца з нашымі маленькімі сябрамі», — напісалі на сайце «Папугайні».

У «Папугайні» жывуць ары, каралевыя (індыйскі кольчаты) папугаі, разэллы, какарыкі, амазоны, карэлы, неразлучнікі і іншыя птушкі.

Папугаі
Папугайня ў Гродне. Крыніца: grodno.popugainya.by

Колькі каштуюць папугаі

Можна набыць любога папугая, а таксама падабраць для яго неабходныя рэчы: клетку, корм і вітаміны. Самая танная птушка — самка хвалістага папугая — 59 рублёў, самец каштуе даражэй — 79 рублёў. Самы дарагі папугай — разэла чырвоная — 300 рублёў. Клеткі для папугаяў прадаюць ад 100 да 310 рублёў.

Уваход у папугайню платны

Цэны за ўваход у папугайню:

  • Дзеці да трох гадоў - бясплатна
  • Дзеці ад трох да васьмі гадоў - 18 рублёў
  • Дарослыя і дзеці старэйшыя за 8 гадоў - 22 рублі

Бясплатна «Папугайню» могуць наведаць імяніннікі ў свае народзіны (пры наяўнасці пашпарта), а таксама інваліды і ветэраны Вялікай айчыннай вайны. Шматдзетныя сем'і, пры наяўнасці дакумента і ўсёй сям'і, могу атрымаць зніжку ў 20%.

Дадаткова можна набыць корм, якім можна карміць папугаяў. Ён каштуе тры рублі.

Раней у Гродне ўжо адкрывалі папугайню

У 2019 годзе ў Гродне адкрылі кантактны заапарк — «Папугайня». Там жыло 100 папугаяў. Яна размяшчалася ў гандлёвым цэнтры «Фолюш» на вуліцы Соламавай.

Чытайце таксама: 100 экзотических птиц в одном месте: в Гродно открывается «Попугайня»