У аўтамабільнай аварыі загінуў гродзенскі ілюзіяніст і вядучы Кірыл Янкоўскі. Ён заснуў за рулём. Хлопца шпіталізавалі, але выратаваць яго не ўдалося.

Кірыл прапаноўваў «чароўнае шоу ў жанры камедыйнай магіі». Пра сябе ён казаў: «ілюзіяніст, фокуснік, прыгажунчык, майстар ілюзій, абаяння, трукаў і не толькі». «Шоу інтэрактыўнай магіі» або «Stand Up Magic Show» здзівіць гледачоў неверагоднымі трукамі, узрушаючым гумарам і імправізацыяй з залай", — абяцаў ён.

Хлопец працаваў пераважна з картачнымі фокусамі. Удзельнічаў у міжнародным фестывалі «Magic show».

Што здарылася?

Смяротнае ДТЗ здарылася раніцай 9 верасня на трасе М6. Янкоўскі ехаў на Volkswagen Touran і паблізу вёскі Балі Шчучынскага раёна заснуў за рулём і ўрэзаўся ў металічны адбойнік. З цяжкімі траўмамі яго шпіталізавалі ў бальніцу, але выратаваць не змаглі. У 2022 годзе было як мінімум шэсць падобных аварый.

Гродзенцы ўспамінаюць пра яго ў сацыяльных сетках як пра таленавітага і добрага чалавека.

11 верасня хлопца пахавалі на могілках «Аульс».