Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» абвяшчае конкурс эскізаў на нацыянальна арыентаваную тэматыку. Выявы-пераможцы з’явяцца на майках, кубачках і нататніках.

Да ўдзелу запрашаюць аматараў і прафесіяналаў, усіх, хто неабыякавы да ўласнай культуры і хоча праявіць сябе. Арганізатары шукаюць цікавыя, крэатыўныя і сучасныя ідэі, накіды, малюнкі і эскізы, якія б удзельнікі хацелі бачыць на майках, торбах, кубках, нататніках і іншых рэчах.

Прастора для фантазіі шырокая — на эскізах могуць быць падзеі, асобы з гісторыі і міфалогіі, арнаменты і ўсё, што звязана з Беларуссю, у тым ліку проста смешныя выявы і надпісы.

Кветачкі і мімішныя малюнкі таксама прымаюцца. Галоўнае — крэатыў, бо мы шукаем тое, чаго яшчэ не было! — тлумачаць арганізатары.

“Будзьма беларусамі!” абвяшчаюць конкурс найлепшага дызайну пра Беларусь

Конкурс стартаваў 23 траўня і праходзіць у некалькі этапаў.

1 этап

Даслаць запоўненую заяўку ўдзельніка і малюнак або некалькі ў фармаце PNG або JPEG (максімальны памер — 5MB) да 23:59 10 чэрвеня на скрынку adv.budzma@gmail.com з пазнакай «Конкурс дызайну». Да разгляду прымаецца максімум пяць малюнкаў.

Заяўка мусіць змяшчаць наступныя пункты:

  1. Імя, прозвішча,
  2. Узрост,
  3. Род дзейнасці (месца працы, вучобы),
  4. Назвы і кароткае апісанне дызайнаў (па жаданні),
  5. Тэлефон, e-mail.

2 этап

Журы зробіць папярэдні адбор дызайнаў. На сайце budzma.by і на старонках кампаніі ў сацыяльных сетках гэтыя дызайны будуць выстаўленыя на галасаванне. Дызайны, якія набяруць найбольшую колькасць інтэрнэт-галасоў, і стануць пераможцамі. Такім чынам, пераможцы будуць абраныя праз «народнае» галасаванне.

3 этап

Супольная праца пераможцаў з прафесійнымі дызайнерамі і прадстаўнікамі кампаніі «Будзьма беларусамі!» па адаптацыі малюнка пад прынт для нанясення на візуальную прадукцыю.

Што ў выніку

Найлепшыя малюнкі-пераможцы будуць рэалізаваныя ў выглядзе прынтоў на цішотках, торбах, кубках ды іншай візуальнай прадукцыі. Аўтары-пераможцы атрымаюць ганарар.