Вядучая спецыялістка па крэдытаванні аднаго са слонімскіх банкаў у 2017 годзе не закрыла аднаўляльны крэдыт пасля яго пагашэння кліенткай — сваёй знаёмай. Кліентка перадала ёй банкаўскую карту з ПІН-кодам для закрыцця рахунку, а праз некалькі месяцаў банкаўская працаўніца скарысталася гэтай картай, каб зняць грошы для сябе.

Пацярпелая была ўпэўнена, што яна разлічылася з банкам цалкам. Калі на яе мабільны тэлефон сталі прыходзіць СМС-абвесткі аб зняцці грошай і пратэрміноўцы, якая расце, працаўніца банка тлумачыла гэта тэхнічным збоем. А яшчэ праз некалькі месяцаў, калі гэтая версія ўжо стала выклікаць сумневы ў кліенткі, у чарговы раз увяла яе ў зман, угаварыўшы пагадзіцца на адкрыццё «выплачанага» крэдыту і пазычыць знятыя з банкаўскай карткі сумы нібыта на арганізацыю бізнесу.

У выніку банку нанесены ўрон у памеры звыш 6000 рублёў, паведамляе Камітэт дзяржкантролю.У дачыненні да былой банкаўскай работніцы ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 3 арт. 210 («Крадзеж шляхам злоўжывання») Крымінальнага кодэкса. Жанчына ўжо знаходзілася ў полі зроку праваахоўнікаў праз здзейсненае махлярства, яе ўзялі пад варту.