Гродзенская мастачка Cemra (Дар'я Сямчук) cпаліла адзін твор, каб стварыць новы. Ён атрымаў назву «Інвентарны нумар». Пра гэта дзяўчына напісала на сваёй старонцы ў Facebook.

«Доўгі час я спрабавала ўвасобіць адну ідэю ў карціну, але яна так і заставалася недасяжнай. Рашэнне спаліць карціну і адмовіцца ад назапашаных намаганняў, на здзіўленне, аказалася станоўчым пунктам ператварэння», — напісала Cemra. Над спаленай карцінай мастачка працавалася цягам года, але не публікавала яе.

Атрымалася «карціна-рэха свету, які сышоў»

Паводле словаў дзяўчыны, твор яна свядома ахвяравала агню, што стала «медытацыяй пра прывіды мінулага, якім мы прыпісваем імёны і нумары». Праца Дар'і - гэта «карціна-рэха свету які сышоў, гэта сімвал страчанага».

Інвентарны нумар «110.57 / 167», які мастачка пакінула на карціне, нясе ў сябе схаваны сэнс. «Магчыма, камусьці атрымаецца разгадаць яго таямніцу, але я пакіну гэтую загадку без адказу», — дадала Cemra.

Мастачка не лічыць карціну мастацкім творам

«Згарэлая карціна — пераўтвораная ў прах, набывае новае жыццё, але не як твор мастацтва, а як аб’ект уліку. Парадокс быцця: тое, што не мае каштоўнасці ў матэрыяльным свеце, набывае парадкавы нумар, калі становіцца часткай сістэмы, — сказала Cemra выданню Reform.by. — Попел як сімвал: не толькі знішчэння, але і памяці. Мы беражліва захоўваем тое, чаго ўжо няма, прысвойваючы яму нумар, нібы спрабуючы захаваць сувязь са страчаным».

Cпаленне твора. Крыніца: Facebook / cemra.darya

Чытайце таксама: Паглядзіце, якую калекцыю аксэсуараў выпусціла мастачка з Гродна

Хто такая Cemra

Дар’я Сямчук нарадзілася ў 1990 годзе ў Гродне. Выстаўлялася ў мінскіх, гродзенскіх, варшаўскіх галерэях. Стварала дызайн для аднаго з гродзенскіх бараў. У сваёй творчасці спалучае сучаснасць і традыцыі. Закранае грамадска-палітычныя праблемы і пераўтварае іх у творы мастацтва — аб’ёмныя карціны, упрыгожванні, вопратку.

Cemra вядома сваім скандальным арт-перформансам: мастачка размалявала старую вышыванку графіці. Праект выклікаў шмат крытыкі. Маўляў, такімі дзеяннямі яна апаганіла каштоўную рэч. Аднак сама Дар’я тлумачыла ідэю па-іншаму: «Мне дзіўна, што кагосьці пакрыўдзіла мая праца. Людзі кожны дзень сваімі дзеяннямі руйнуюць нашу спадчыну, культывуюць бьюці-індустрыю. Я гэта выявіла, паказала візуальна, матэрыяльнымі рэчамі, каб усе заўважылі, што гэта так і адбываецца».

Чытайце таксама: Як уладкованы жанры перформансу і акцыянізму ў Беларусі і па-за яе межамі