«Мова Нанова» сышла на летнія канікулы. На апошніх занятках наведвальнікі расказвалі, якія тэмы хочуць яшчэ прайсці, і фантазавалі, якіх герояў можна запрасіць. Скончыліся заняткі выступам Алеся Чумакова з гурта «Стары Ольса».

Вядоўцы курсаў расказваюць, што з навучэнцамі ў іх склаліся амаль сямейныя адносіны. «Аўдыторыя вельмі класная. Нават калі ты не маеш навыкаў вядоўцы, яны зараджаюцца самі і зараджаюць цябе», — кажа Вераніка Парманчук. Яна расказвае, што ёй часта пішуць з моўнымі пытаннямі. І гэта добра, бо мова пашыраецца. А вядоўцы спадзяюцца пашырыць яе ўжыванне яшчэ больш.

На “Мове Нанова” ў Гродне выступіў Алесь Чумакоў з рок-н-рольнымі гуслямі

Наведвальнікі хочуць закрыць прабелы ў вывучэнні граматыкі, пунктуацыі. Хочуць больш даведацца пра гродзенскую тапаніміку, тарашкевіцу, лацінку, неалагізмы. Хочуць убачыць блогера Сцяпана Святлова, гурты Dzieciuki і Nizkiz, акцёра гродзенскага тэатра, ідэолагаў. Таксама ім цікава паслухаць жывых носьбітаў мовы і з’ездзіць на экскурсіі па Гродзеншчыне. Яны гатовы больш практыкавацца, спаборнічаць у квізах і займацца актывізмам — напрыклад, зладзіць масавую прыборку.

На “Мове Нанова” ў Гродне выступіў Алесь Чумакоў з рок-н-рольнымі гуслямі

Алесь Чумакоў расказаў пра планы гурта «Стары Ольса». Зараз яны рыхтуюцца прэзентаваць дзве песні і адзначыць 20-годдзе гурта. У лістападзе святочны канцэрт будзе ў Мінску, але абяцаюць даехаць і да Гродна.

На “Мове Нанова” ў Гродне выступіў Алесь Чумакоў з рок-н-рольнымі гуслямі

Музыкант расказаў пра свае «рок-н-рольныя» гуслі. У свой час ён вывучаў гэты інструмент, а цяпер ужо зрабіў уласнаруч іх больш за сотню, і можа навучыць на іх граць. На занятках ён праспяваў песні на беларускую сучасную паэзію, ваенную паэзію і нават пераклады ірландскіх песень. Да канца мая музыкант плануе выдаць сольны дыск. Набыць яго ў Гродне можна будзе ў краме «Адметнасць».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life