Новы сезон стартаваў 1 мая на танцавальнай пляцоўцы ва ўрочышчы Пышкі ў Гродне, перадае БЕЛТА.
Танцпляцоўка ў Пышках — папулярнае месца адпачынку для пажылых гараджан. У сезон, а ён традыцыйна доўжыцца з мая па кастрычнік, на танцы ў суботу і нядзелю тут збіраюцца сотні гродзенцаў.
Існуе танцпляцоўка больш за 15 гадоў. У горадзе ініцыятыву падтрымліваюць. Штогод перад пачаткам сезону камунальныя службы прыводзяць у парадак і саму пляцоўку, і малыя архітэктурныя формы, і тэрыторыю вакол. Музычныя вечары праходзяць пры падтрымцы гарадскога цэнтра культуры. Ёсць тут не толькі заўсёднікі танцаў, але і свой пастаянны ды-джэй.
«Музычнае напаўненне? На любы густ. Любяць нашы танцоры і сучасную музыку, і рэтра. Ёсць у рэпертуары і хуткія, і павольныя кампазіцыі. Танцуем і кракавяк, і польку, і падэспань, і нават танга. Можам і моладзь павучыць», — распавядае ды-джэй Мікалай Новікаў. Ён падкрэслівае, што сустрэчы ў Пышках для многіх сталі важнымі падзеямі ў жыцці.
«Тут сябры, зносіны. Адчуваю сябе патрэбнай, запатрабаванай. Мы тут не старэем», — распавядае Вольга Кузьміцкая. На танцпляцоўку ў Пышкі яна ходзіць з 2006 года. Распавядае, што не рэдкія выпадкі, калі самотныя пенсіянеры знаходзяць сабе пару і літаральна маладзеюць на вачах.
Напрыклад, удаўцы Людміла Мілевіч і Аляксандр Каршакоўскі пазнаёміліся тут сем гадоў таму. З тых часоў разам ходзяць у лесапарк і патанцаваць, і пагуляць, і паразмаўляць з сябрамі, якіх знайшлі за гэтыя гады. «Гэта дапамагае заставацца ў тонусе, бадзёрыць. Дарэчы, задаволеныя і дзеці. Бо мы не бурчым, не навязваемся, а цікава праводзім час», — адзначае Аляксандр Каршакоўскі.
Прыцягвае танцпляцоўка не толькі гродзенцаў. Уладзімір Бычкоў двойчы ў год прыязджае ў Гродна з расійскага Ульянаўска. З сябрамі сустракаецца ў Пышках. «Такія ініцыятывы, магчымасць сабрацца разам, правесці час, пагутарыць і патанчыць сапраўды падаўжаюць жыццё. Мне ў Ульянаўску такіх мерапрыемстваў не хапае», — распавядае ён.
Дарэчы, танцы для ўсіх жадаючых бясплатныя. Пастаянныя наведвальнікі танцпляцоўкі дбайна сочаць за парадкам. Актыўныя пенсіянеры пастаянна выступаюць і з ініцыятывамі па паляпшэнню інфраструктуры. Па іх просьбах усталявалі новыя месцы для адпачынку. Таксама побач з танцпляцоўкай размясцілі таблічку з раскладам аўтобуса.