«Белтэлекам» збіраецца падняць цэны ў сярэднім на 4%. Падаражанне закране доступ ў інтэрнэт і пакеты паслугаў электрасувязі.

Папулярныя тарыфы «Рэкорд» падаражэюць на рубель. «Рэкорд 200» дадасць крыху больш і стане 42 рублі замест ранейшых 40,65.

Павышэнне коштаў кампанія тлумачыць неабходнасцю мадэрнізацыі абсталявання і паляпшэння якасці паслуг, піша onliner.by са спасылкай на «Белтэлекам».

Кошт паслуг тэлеграфнай сувязі, міжнародных тэлефонных злучэнняў (у тым ліку па пропуску трафіку аператараў электрасувязі Беларусі на сеткі замежных аператараў), паслуг тэлебачання, выхад на абанентаў сотавай рухомай электрасувязі, даведачна-інфармацыйных паслуг і іншых дадатковых паслуг электрасувязі павялічыцца ў сярэднім на 5%.

Павышэнне не закране тарыфаў на рэгуляваныя паслуг мясцовай і міжгародняй тэлефоннай сувязі, паслугі доступу ў лінейна-кабельныя збудаванні, паслугі доступу ў інтэрнэт з гарантаванай паласой прапускання. Аператар каментуе, што тарыфная палітыка кампаніі «Белтэлекам» накіравана на максімальнае стрымліванне росту коштаў.