Пра змену кошту мабільных паслуг пасля 1 траўня паведамілі аператары А1 і МТС. Яны патлумачылі гэта рашэннем чыноўнікаў павысіць ПДВ. На колькі дакладна падаражэюць паслугі, не ўдакладняецца. Life:) пакуль захоўвае ранейшыя тарыфы. «Белтэлекам» таксама павышае кошт некаторых паслуг.

Пераразлік кошту тарыфаў з улікам ПДВ А1 правядзе 1 траўня 2022 года. «У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 сакавіка 2022 года № 131 „Аб развіцці сродкаў масавай інфармацыі“ з 1 траўня 2022 года падатак на дадатковую вартасць на паслугі перадачы дадзеных павысіцца на 1% і складзе 26%. Змена стаўкі ПДВ таксама прымяняецца да абаненцкай платы комплексных тарыфных планаў і пакетаў, якія ўключаюць у сябе паслугі перадачы дадзеных па каналах сотавай рухомай і стацыянарнай электрасувязі», — патлумачылі ў кампаніі.

Кампанія МТС таксама абяцае размясціць інфармацыю аб тарыфах 1 траўня 2022 года, спасылаючыся на ўказ аб павышэнні ПДВ.

Аператар life:) удакладняе, што рост ПДВ тычыцца інтэрнэт-пакетаў, комплексных тарыфных планаў, у якія ўваходзіць інтэрнэт, і тарыфікацыі інтэрнэт-трафіку, не ўключанага ў пакет. ПДВ для ўсіх астатніх паслуг, а гэта тарыфы без інтэрнэту, пакеты хвілін і дыджытал-сервісы, застанецца ранейшым — 25%. Кошт паслуг 1 траўня не зменіцца, паабяцалі ў кампаніі.

ПДВ на паслугі перадачы дадзеных у Беларусі вырасце з 1 траўня з 25% да 26%. Павышэнне датычыцца паслуг інтэрнэт-правайдэраў і аператараў сотавай рухомай электрасувязі і фіксаванага інтэрнэту.

Той жа ўказ уводзіць дадатковы збор за размяшчэнне рэкламы, у тым ліку і рэкламы беларускіх кампаній і ІП у інтэрнэце. Збор за вонкавую рэкламу і рэкламу ў транспарце складзе 10% ад кошту паслугі, у іншых выпадках — 20%. Гэта не тычыцца сацыяльнай рэкламы і рэкламы на сайце дзяржаўных органаў і арганізацый. Падатак дзейнічае з 2022 года, гэта значыць уведзены заднім лікам.

З 1 траўня вырастуць тарыфы і «Белтэлекама». Падаражэюць некаторыя тарыфныя планы паслуг тэлебачання («Прэм'ера», «Канапа ТБ», «Стандарт ТБ») і некаторыя пакеты з хатнім інтэрнэтам («Ясна лайт», «Сямейны 4 камфорт», «Сямейны 4 Дом + Дача», «Ясна 35 Дом + Дача», «Ясна гульнявы», «Ясна гульнявы SMART», «Сямейны 3», «Ясна 50»). Напрыклад, «Ясна лайт» даражэе з 21,50 да 22,05 рублёў, «Сямейны 4 камфорт» з 36,50 да 38,43 рублёў, «Ясна гульнявы» — з 46 да 50,4 рублёў.