За 1,5 месяцы да чарговага гістарычнага забегу «Гарадзенская Вандроўка» на яго ўжо зарэгістравалася 376 чалавек. Арганізатары тым часам паказалі медаль, які будуць уручаць усім удзельнікам. Сёлета ён з выявай Давыда Гарадзенскага.

«Гарадзенская Вандроўка» праходзіць па вуліцах гістарычнага цэнтра. У гэтым годзе забег пройдзе трэці раз. Папулярнасць спартыўнага мерапрыемства расце з кожным годам. У 2017 годзе на дыстанцыю выйшлі каля 200 спартсменаў, праз год у два разы больш. У 2019 годзе чакаецца рэкордная колькасць удзельнікаў. На 17 красавіка было зарэгістравана ўжо 376 чалавек.

На «Гарадзенскую Вандроўку» штогод прыязджаюць аматары бегу з розных рэгіёнаў Беларусі і блізкага замежжа. Усе ўдзельнікі пасля пераадолення дыстанцый атрымліваюць унікальныя медалі. У гэтым годзе арганізатары размясцілі на ім партрэт гродзенскага старасты і палкаводца ВКЛ — Давыда Гарадзенскага. Такі медаль з’явіцца на шыі кожнага бягуна, які перасячэ фінішную лінію.
З выявай Давыда Гарадзенскага: глядзіце, які медаль будуць уручаць сёлета ўдзельнікам "Гарадзенскай Вандроўкі"
Сёлета «Гарадзенская Вандроўка» пройдзе 2 чэрвеня. Спаборніцтвы праводзяцца на дыстанцыях 10 і 5 км. Дарослым, каб прабегчы адну з дыстанцый, трэба зарэгістравацца і аплаціць стартавы ўнёсак. Дзеці рэгіструюцца бясплатна, перад стартам.

«Гарадзенская Вандроўка» — 2017
«Гарадзенская Вандроўка» — 2018