“Траса цяжкая – шмат уздымаў і пякучае сонца”. Па вуліцах горада прайшоў забег “Гарадзенская вандроўка”

Каля 250 аматараў і спартсменаў у нядзелю 28 мая прынялі ўдзел у 20-м гістарычным забегу “Гарадзенская вандроўка”. Нягледзячы на пякучае сонца і складаную трасу, удзельнікі забегу засталіся задаволеныя арганізацыяй мерапрыемства і плануюць у 2018 годзе таксама наведаць Гродна.

Усе ўдзельнікі, узрост якіх ад 15 да 79 гадоў, стартавалі адначасова з плошчы Леніна і беглі па старым горадзе каля чатырох кіламетраў разам, а на вуліцы Горкага падзяліліся на дзве групы. Тыя, хто бег 10 км, пабеглі праз OldCity, а тыя хто выбраў дыстанцыю 5 км – адразу на фінішную простую, якая вяла да плошчы Леніна.

"Траса цяжкая - шмат уздымаў і пякучае сонца". Па вуліцах горада прайшоў забег "Гарадзенская вандроўка"
Старт забегу “Гарадзенская вандроўка”

Маршрут выглядаў гэтак: пл. Леніна — Савецкая — Кастрычніцкая — Карла Маркса — Будзёнага — Свярдлова — Сацыялістычная — Парыжскай Камуны — Давіда Гарадзенскага — Вялікая Траецкая — Віленская — Максіма Горкага — Дубко — Дзяржынскага — Астроўскага — Максіма Горкага — Дзяржынскага — пл. Леніна.

Удзельнікамі “Гарадзенскай вандроўкi” сталі не толькі гродзенцы і прадстаўнікі іншых гарадоў Беларусі, але і госці з Польшчы, Літвы і Расіі.

Яраслаў Хадынiцкi, адзін з арганізатараў масавых забегаў у Беластоку, сёлета ўпершыню далучыўся да гродзенскіх спаборніцтваў, ён бег 5 км.

"Траса цяжкая - шмат уздымаў і пякучае сонца". Па вуліцах горада прайшоў забег "Гарадзенская вандроўка"
Арганізатар польскіх забегаў Яраслаў Хадынiцкi фінішуе на “Гарадзенскай вандроўцы”

“Усё вельмі спадабалася, я ўжо чакаю наступнага году і абавязкова вазьму з сабой у Беларусь сяброў. У Гродне крута, арганізацыя на вышэйшым узроўні. Я нават і не ведаю, што можна дадаць у “Гарадзенскую вандроўку”, мне здаецца, усё што трэба бегунам тут ёсць. Вельмі цікавая арганізацыя і людзі вельмі прыязныя. Дзякуй гродзенцам”.

Акрамя спартсменаў і аматараў бегу на “Гарадзенскай вандроўцы” апынуліся і чыноўнікі, сярод іх начальнік упраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі.

"Траса цяжкая - шмат уздымаў і пякучае сонца". Па вуліцах горада прайшоў забег "Гарадзенская вандроўка"
Начальнік упраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі з медалём пасля забегу

“Я бегаю чатыры разы на тыдзень, таму пераадолець дыстанцыю 5 км для мяне нескладана. Дзесьці мог прыбавіць у хуткасці, але былі ўздымы цяжкія, таму крыху зберагаў сябе. Я ўдзельнічаю ў гэтым забегу ўжо другі раз, першы раз бегаў у 1999 годзе, калі быў у войску. Гэта добрая ідэя – юбілейны забег правесці ў гістарычнай частцы горада”.

"Траса цяжкая - шмат уздымаў і пякучае сонца". Па вуліцах горада прайшоў забег "Гарадзенская вандроўка"
Лепшы бегун Гродна Ігар Цецерукоў фiнiшуе на “Гарадзенскай вандроўцы”

Траса па горадзе аказалася складанай не толькі для аматараў бегу, але і для спартсменаў. Гродзенец Ігар Цецерукоў стаў першым, хто пераадолеў дыстанцыю ў 10 км. Спартсмен займаецца прафесійна бегам 22 гады.

“Я пастараўся з самага старту хутка пабегчы, магчыма, гэта і дапамагло стаць першым. Я задаволены арганізацыяй і сваім вынікам, хоць i было цяжкавата – сонца і шмат уздымаў”.

Завяршыў “Гарадзенскую вандроўку” пенсіянер з Жодзіна Арнольд Слуцкер, якому праз два месяцы будзе 80 гадоў. Бег ён 10 км.

"Траса цяжкая - шмат уздымаў і пякучае сонца". Па вуліцах горада прайшоў забег "Гарадзенская вандроўка"
Арнольд Слуцкер – самы сталы ўдзельнік “Гарадзенскай вандроўкі”

“Я 20 гадоў ужо ўдзельнічаю ў гродзенскіх стартах і мне гэта падабаецца. Залог поспеху ў маім узросце – пастаянныя трэніроўкі. Сам я бегаю праз дзень, мне гэта дае задавальненне. Арганізацыя сёлета проста выдатная, а вось траса вельмі цяжкая – шмат уздымаў, таксама сонца адыграла сваю ролю”.

 

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: