Памятаеце баладу Віктара Шалкевіча пра Святога Мікалая? Я заўсёды, калі бачу апошнія два дамкі за гродзенскім гарвыканкамам, згадваю гэтую песню. Тут некалі размяшчался гродзенская вуліца Святога Мікалая, якая носіць цяпер малазразумелую лічбавую назву — 11 ліпеня.

www.youtube.com/watch?v=XN2XtzEGbos

Назва вуліцы пайшла ад царквы

Калі глянуць на карту нашага горада пачатку ХХ ст. то ў раёне, дзе зліваюцца рэчкі Юрыздыка ды Гараднічанка, было адразу некалькі вуліц. Дзвюх з іх зусім няма. Вуліца Няцэлая прабягала за дамамі па Ажэшкі, а Смелая была ў затопленай даліне Гараднічанкі, дзе цяпер стаяць лебедзі. А вось Святога Мікалая засталася невялічкім кавалкам.

Лічыцца, што недзе на выездзе ў Гродна ў бок Вільні паўтысячагоддзя таму стаяла царква Святога Мікалая. Даследчыкі пішуць, што яна магла стаяць недзе там, дзе цяпер стаіць рэзідэнцыя праваслаўнага біскупа. Хаця адкрытым застаецца пытанне, ці супадаў той выезд на Вільню з сучаснай вуліцай Віленскай, бо велізарную царкоўную кропельніцу некалькі гадоў таму знайшлі аж за сучасным лікёра-водачным заводам.

Адным словам дзе была тая царква, ніхто не ведае, але назва Святога Мікалая за вуліцай замацавалася. У пачатку ХХ ст. тут з’явіўся дзясятак цікавых дамоў - мураваных, драўляных, з балконамі ды галерэйнымі ўваходамі на другі паверх.

Хто жыў на Святога Мікалая?

Самым вялікім быў дом гаспадыні Клікс, які ў 1920-х гг. купіў сабе стараста Святапакроўскага сабора Аляксандр Малашка. Гэты дом з шыкоўнымі печкамі ўнутры стаіць да сённяшняга дня, але пан Малашка валодаў ім нядоўга. У 1939 годзе былы Архірэйскі завулак, а тады вуліца Святога Мікалая, стаў называцца 11 ліпеня. У гэты ліпеньскі дзень у 1920 г. Чырвоная Армія адбіла ў палякаў Мінск, таму ў міжваеннай БССР 11 ліпеня святкавалі прыкладна таксама як цяпер святкуюць 3 ліпеня.

Засталіся толькі два дамы: дзе была і як выглядала вуліца Святога Мікалая ў Гродне
План участка на 11 ліпеня, пачатак 1930-х г
У 1939 г. нерухомасць у Гродне збольшага нацыяналізавалі і сям’я Малашак пераехала ў драўляны дамок, які прастаяў да 2007 г. Вялікі дом занялі сем'і супрацоўнікаў сілавых структур, нашчадкі якіх жывуць там да сённяшняга дня. Харошая была вуліца Святога Мікалая, з Ажэшкі даносіліся галасы гараджан, ад кавярняў пахла кавай ды свежым печывам, а ніжэй хутка ляцела да Нёмана Гараднічанка, прыпыняючыся пры зусім недалёкай яўрэйскай лазні Міны Фрумкінай па вуліцы Віленскай.

Нават цяпер тут нядрэнна. Стаўшы паміж двума апошнімі дамамі гэтай вуліцы можна на пару секунд уявіць сабе, як тут усё выглядала некалькі дзесяцігоддзяў таму.

Засталіся толькі два дамы: дзе была і як выглядала вуліца Святога Мікалая ў Гродне
Цяпер на вуліцы 11 ліпеня засталося толькі два дамы. У 2007 г. знеслі драўляны будынак дзе амаль усё жыццё пражыла Вера Малашка