У Ваўкавыску з’явіўся новы крыты міні-футбольны манеж з штучным пакрыццём. Спартыўны аб’ект пабудавалі менш чым за год, паведамляе volkovysknews.by.

Будаўніцтва манежа па вуліцы Жолудзева, 74Б, побач са спартыўнай залай ДЮСШ № 2, пачалося ў кастрычніку 2025-га.

Манеж узведзены за кошт сродкаў раённага бюджэту. Штучнае пакрыццё для футбольнага поля купіў Прэзідэнцкі спартыўны клуб.

Вышыня манежа — крыху больш за 14 метраў, даўжыня — крыху больш за 45 метраў, шырыня — 33 метры. Памеры футбольнага поля складаюць 40 на 20 метраў. З аднаго боку ёсць трыбуна, разлічаная на 150 пасадачных месцаў.

«Лепшы ў краіне». У Ваўкавыску пабудавалі міні-футбольны манеж
Фота: volkovysknews.by

Спартыўны манеж урачыста адкрылі з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады і спорту.

Начальнік упраўлення спорту Гродзенскага аблвыканкама Максім Малахоўскі адзначыў, што спартыўны аб’ект з’яўляецца самым лепшым каркасным футбольным манежам у краіне.