Чацвёрты раз у Беластоку прайшоў Бегавы Крыжовы Шлях. Амаль 100 удзельнікаў увечары ў суботу 13 красавіка стартавалі з-пад касцёла св. Роха ў кірунку Санктуарыя Маці Божай у Святой Вадзе (каля мястэчка Васількув, каля 15 км ад Беластока). Бегунамі кіраваў ксёндз Анджэй Дэмбскі - капелан футбольнага клубу «Ягелонія», паведамляе poranny.pl.
У адрозненне ад традыцыйнага крыжовага шляху, які праходзіць па вуліцах Беластока і Гродна з гучнымі малітвамі і спевамі, гэты Крыжовы Шлях праходзіў у цішыні. У час бегу кожны маліўся самастойна. Цішыня, па словах ксяндза Дэмбскага, дапамагае засяродзіцца на асабістай малітве. Ёсць ад такой малітвы і безумоўная карысць для здароўя.