13 сакавіка споўнілася 100 год са дня смерці перашага беларускага настаўніка ў Гродне Аляксандра Грыкоўскага (1893, в.Корніна Бельскага пав. — 13.3.1919, Гродна). Падрабязней пра яго асобу расказаў гродзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч.
Ён скончыў настаўніцкую семінарыю ў Панявежу, беларускія настаўніцкія курсы ў Свіслачы.
У Гродне з 1916 г. быў настаўнікам першай беларускай школы. «…Спрабаваў, — пісала ў некралогу памяці А. Грыкоўскага гродзенская газета «Беларусь», — даць адпор «старой сістэме абмаскальвання», «маскалізацыі».
У канцы 1918 — пачатку 1919 года з’яўляўся сябрам Віленскага БНК (Беларускі нацыянальны камітэт), Камітэту нацыянальнага адраджэння Беларусі, Гродзенскай управы, Гродзенскага гарадскога часовага камітэту. Першы старшыня Гродзенскага БНК. Падпісаў ад імя Гродзенскага БНК 22 студзеня 1919 года пратакол паседжання Камітэта па скліканні Краёвага беларускага з’езду Гродзеншчыны. Памёр ад сухотаў.
15 сакавіка 1919 года на пасяджэнні Рады міністраў БНР у Гродне было вырашана ўзяць усе выдаткі па пахаванні Аляксандра Грыкоўскага на рахунак урада БНР. Пахаванне першага гродзенскага беларускага настаўніка вылілася ў маніфестацыю беларускага руху, падобную якай Гродна яшчэ ня бачыла. У першы раз праз горад прайшла працэсія, з беларускімі нацыянальнымі сцягамі, якая складалася з сяброў мясцовых беларускіх арганізацый ды вучняў беларускай школкі.